2013-06-28 13:00:47

Францішак: Бог сам выбірае, як і калі прыйсці ў наша жыццё


RealAudioMP3 Пан просіць нас быць цярплівымі і бездакорнымі, нагадаў папа Францішак. Ён дадаў, што Бог заўсёды сам выбірае, якім чынам увайсці ў наша жыццё, і чакае цярплівасці з нашага боку, паколькі Яго прысутнасць не заўсёды бачная нам. Падчас сваё гаміліі 28 чэрвеня ў капліцы Дома св. Марты, Папа нагадаў, што Пан павольна ўваходзіў у жыццё Абрагама; апошняму было ўжо 99 гадоў, калі атрымаў абяцанне сына. І наадварот, Езус неадкладна ўваходзіць у жыццё пракажонага, калі спаўняе яго просьбу аб выздараўленні. Францішак падкрэсліў, што выбар належыць Богу, заўсёлы выбірае Ён, як і калі ўвайсці ў наша жыццё. Бог не дзейнічае “пратакольна”, па раней заяўленай схеме, сказаў Папа, але Ён дзейнічае заўсёды і гэта сустрэча паміж намі і Ім адбудзецца ў любым выпадку.

Часам доўгае чаканне на ўмяшанне Бога нараджае ў нас скептыцызм, заўважыў Пантыфік, і прывёў прыклад Сары, жонкі Абрагама, якая высмеяла саму думку аб магчымасці мець дзяцей у сталым узросце. Бог не толькі вымагае цярплівасці ад чалавека, але і сам мае гэту цярплівасць, адзначыў Святы Айцец, дадаўшы, што Пан вельмі часта чакае нас, нашага рашэння, нашага навяртання. “Пан прымае ўдзел у нашым жыцці – гэта дакладна! - сказаў Францішак - Але шмат разоў мы Яго не заўважаем. Гэта патрабуе ад нас цярплівасці. І Пан, ідучы з намі, мае таксама шмат цярплівасці адносна нас”.

Тут, Пантыфік запрасіў задумацца над “таямніцай Божай цярплівасці” і нагадаў пра крыж у жыцці кожнага хрысціяніна, які так часта хочацца адкінуць, сысці з яго. І звычайна, калі мы паддаёмся гэтай спакусе, гэта адбываецца “за пяць хвілін да вызвалення”, вось што, на думку Пантыфіка, з’яўляецца самым вялікім актам не-цярплівасці з нашага боку. Езусу таксама прапанавалі сысці з крыжа; Ён не зрабіў гэтага, каб даць прыклад нам, каб засведчыць, што знаходзіцца на крыжы побач з намі да канца.

Францішак падкрэсліў, што не трэба пасіўна чакаць на прыйсце ў наша жыццё Пана, гэта адбудзецца толькі тады, калі мы будзем ісці па Яго шляху, спрабуючы быць бездакорнымі.







All the contents on this site are copyrighted ©.