2013-06-28 13:02:47

Папа: у праваслаўных можна павучыцца калегіяльнасці


RealAudioMP3 “Жэстам вытанчанай увагі” назваў Пантыфік прысутнасць Патрыярха Барталамея І на яго інаўгурацыі. Францішак сустрэўся 28 чэрвеня з дэлегацыяй Канстантынопальскага Патрыярхату, якая прыбыла ў Ватыкан на ўрачыстасць святых Пятра і Паўла. “Ваша прысутнасць у гэтых абставінах з’яўляецца прыкметай глыбокай сувязі, якая аб’ядноўвае, у веры, надзеі і любові, Канстантынопальскую Царкву і Рымскі Касцёл”, - сказаў Святы Айцец. Традыцыя абмену дэлегацыямі на вялікія ўрачыстаці, якая пачалася ў 1969 г., з’яўляецца, паводле Папы, “важнай часткай шляху да адзінства”. Пошук еднасці паміж хрысціянамі, гэта неабходнасць, сёння большая, чым калі-небудзь, гэтага проста не можна пазбегнуць, перакананы Пантыфік. “Наш свет мае голад і смагу праўды, любові, надзеі, міру і адзінства, гэта важна для нашага сведчання, каб, нарэшце, абвесціць адзіным голасам добрую навіну Евангелля і цэлебраваць разам Боскія Таямніцы новага жыцця ў Хрысце!”, - сказаў Папа. Адзінства, гэта, без сумневу, дар Божы, дадаў Святы Айцец, але ў кожнага з хрысціян ёсць задача “рыхтаваць умовы, культываваць глебу сэрца, каб гэта надзвычайная ласка была прынята”.

Францішак адзначыў дзейнасць Змешанай міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Рыма-каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнымі Цэрквамі. Менавіта яна, на думку Папы, робіць фундаментальны ўклад у пошук поўнага адзінства паміж католікамі і праваслаўнымі. Гэта камісія ўжо распрацавала шмат агульных тэкстаў і цяпер вывучае далікатнае пытанне тэалагічных і эклезіялагічных адносін паміж прыматам і сінадальнасцю ў жыцці Касцёла.

Паводле Папы, сёння трэба весці дыялог па гэтых пытаннях у праўдзе і любові, “пачынаючы з таго, што ў нас ёсць агульнага, але не хаваючы таго, што па-ранейшаму аддзяляе нас”. Тут важны не чыста тэарэтычны ўзровень, але і вывучэнне традыцый адзін аднаго, каб зразумець, а часам і чамусьці павучыцца. На думку Святога Айца, такім прыкладам для католікаў можа быць традыцыя калегіяльнасці, характэрная для Праваслаўных Цэркваў. Каталіцкі Касцёл і Праваслаўныя Цэрквы аб’ядноўвае “адна і тая ж канцэпцыя дыялогу”, заснаваная на паглыбленні адзінай ісціны, што Хрыстус даў свайму Касцёлу, перакананы Францішак. “Таму, мы не павінны баяцца сустрэчы і сапраўднага дыялогу. Гэта не аддаліць нас ад ісціны, а, хутчэй, праз абмен дарамі, прывядзе нас, пад кіраўніцтвам Духа праўды, да поўні праўды”, - сказаў Папа.

Пантыфік папрасіў членаў праваслаўнай дэлегацыі маліцца за яго, каб Бог дапамог яму ў служэнні Біскупа Рыма і Наступніка св. Пятра.







All the contents on this site are copyrighted ©.