2013-06-27 14:30:02

Прадстаўнічая праваслаўная дэлегацыя ў Ватыкане


RealAudioMP3 У рамках традыцыйнага абмену дэлегацыямі, у Ватыкан, на ўрачыстасць святых Пятра і Паўла, прыбыла 27 чэрвеня з трохдзённым візітам дэлегацыя Канстантынопальскага Патрыярхату. Дэлегацыю ўзначальвае Мітрапаліт Пергамскі Іааніс, сустаршыня Змешанай міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Рыма-каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнымі Цэрквамі. Яго суправаджаюць епіскап Афінагор, памочнік Мітрапаліта Бельгійскага, і архімандрыт Прадромас Ксенакіс, намеснік сакратара Святога Сінода Царквы Крыта. У пятніцу, 28 чэрвеня, з імі сустрэнецца папа Францішак. Апрача таго, у гэты дзень, запланаваны спатканні прадстаўнікоў Канстантынопальскага Патрыярхату ў сядзібе Папскай радзе спрыяння хрысціянскаму адзінству. У суботу, 29 чэрвеня, дэлегацыя прыме ўдзел у Эўхарыстыі ва ўрачыстасць святых Пятра і Паўла, якую ўзначаліць Святы Айцец.

Паміж Апостальскай Сталіцай і Канстантынопальскім Патрыярхатам даўно ўсталяваліся братэрскія адносіны. Сведчаннем гэтаму стала прысутнасць Барталамея І на нядаўняй інаўгурацыі папы Францішка і доўгая прыватная размова паміж імі, на якой было вырашана, што ў 2014 г. адбудзецца сумесны візіт Пантыфіка і Патрыярха ў Святую Зямлю. Шчыльныя кантакты існуюць таксама і на ўзроўні тэалагічнага дыялогу. Адмысловая камісія на сваіх рэгулярных сустрэчах вось ужо на працягу 10 гадоў уздымае складаныя пытанні традыцыі і веравучэння, такія як, напрыклад, пазіцыя Папы ў першыя вякі хрысціянства, яго прымат і правы, вынікаючыя з яго.

У рамках абмену, ватыканская дэлегацыя, на запрашэнне Патрыярха Канстантынопальскага, штогод кіруецца ў Стамбул на свята св. Андрэя, апостала, 30 лістапада. Барталамей І, падчас мінулагодніх урачыстасцяў, назваў ІІ Ватыканскі Сабор “зваротным момантам у адносінах паміж католікамі і праваслаўнымі” і дадаў, што, нягледзячы на цяжкасці ў адносінах, якія існуюць і цяпер, экуменічны шлях з’яўляецца “беззваротным”.







All the contents on this site are copyrighted ©.