Пантыфік стварыў новы орган, які зоймецца справамі Ватыканскага банку
“Папская рэферэнтная
камісія па справах Інстытута рэлігійных спраў” – так гучыць назва новага органа, створанага
Папам 24 чэрвеня 2013 г. Яна зоймецца падрабязным вывучэннем прававога становішча
Ватыканскага банка і дапаможа лепшай узгодненасці працы гэтай структуры з паўсюднай
місіяй Апостальскай Сталіцы. Да заданняў Камісіі будзе належаць збор інфармацыі аб
дзейнасці Інстытута і далейшае прадастаўленне вынікаў Святому Айцу, гаворыцца ў афіцыйным
паведамленні Апостальскай Сталіцы. Рашэнне Пантыфік прыняў у святле неабходнасці ўвядзення
рэформаў ва ўстановы, якія аказваюць дапамогу Святому Пасаду.
Мандат, які атрымаў
гэты новы орган – “шырокі”, сказаў кіраўнік Залы Друку, кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Папская
камісія складаецца з пяці асоб. Яе кіраўніком Францішак прызначыў кардынала Рафаэле
Фарына, а членамі: кардынала Жан-Луі Тарана і прафесара Мэры Эн Глендан. Апрача таго,
у новага органа ёсць сакратар – кс. прэлат Пітэр Браян Уэлс, і каардынатар – біскуп
Хуан Ігнасіа Аррьета Ачоа дэ Чычынтру.
Дакумент, які вызначае кампетэнцыі
Камісіі, складаецца з 9 пунктаў і дэманструе яе шырокія паўнамоцтвы. У 2 раздзеле
гаворыцца, сярод іншага, што “службовая таямніца і любыя іншыя абмежаванні, устаноўленыя
прававой сістэмай, не абцяжарваюць або абмяжоўваюць доступ Камісіі да дакументаў,
дадзеных і інфармацыі”, за выключэннем норм, якія абараняюць”самастойнасць і незалежнасць
органаў, якія займаюцца наглядам і рэгуляваннем дзейнасці Інстытута”. Пачатак дзейнасці
Камісіі датаваны днём выдання дакумента, што значыць 24 чэрвеня 2013 г.; аб яе роспуску
“будзе абвешчана дадаткова”.