2013-06-25 10:02:25

Бэнэдыкт XVI абраў тэму сустрэчы “Кола вучняў Ратцынгера”


RealAudioMP3 Сустрэча “Кола вучняў Ратцынгера” (Ratzinger Schulerkreis) пройдзе сёлета як і кожны год у Кастэль Гандольфа, з 29 жніўня па 2 верасня, паведаміла інфармацыйнае агенцтва “CNS”. Бэнэдыкт XVI асабіста прыняў рашэнне, што група прааналізуе “пытанне Бога на фоне секулярызацыі” у святле філасофскай і тэалагічнай творчасці Рэмі Брага, французскага тэарэтыка, узнагароджанага ў мінулым годзе "Прэміяй Ратцынгера”.

Рэмі Браг з’яўляецца французскім філосафам і выкладчыкам, прафесарам на пенсіі сярэднявечнай філасофіі і арабскай мовы ў парыжскай Сарбоне. Ён выкладаў у многіх універсітэтах свету, у тым ліку ва ўніверсітэце штата Пенсільванія, Бостанскім, Памплонскім і Міланскім універсітэтах. Браг быў выкладчыкам Мюнхенскага ўнівесітэта імя Людвіга-Максіміліяна, дзе быў загадчыкам кафедры Рамана Гуардзіні. Яго дыяпазон даследаванняў, ад класічнай грэчаскай і рымскай філасофіі да сярэднявечнай лацінскай, яўрэйскай і арабскай. Творы Брага зрабіла яго вядомым нават за межамі кола адмыслоўцаў і былі перакладзены на некалькі моў. Яны прысвечаны ўяўленню пра свет, Божаму праву і таму, якім чынам чалавек спрабуе вызваліцца ад Божай прырода.

Члены “Кола вучняў Ратцынгера” сустракаюцца рэгулярна з 1978 г. У яго ўваходзяць асобы, якія пад кіраўніцтвам Пантыфіка на пенсіі пісалі доктарскія дысертацыі або былі яго памочнікамі. Перш, чым кардынал Ёзаф Ратцынгер стаў прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння, тэолагі сустракаліся раз у месяц. Зараз семінары праводзяцца раз у год. Падчас сустрэч навукоўцы абмяркоўваюць розныя пытанні. Апошняя з іх была прысвечана Другому Ватыканскаму Сабору і новай евангелізацыі. Кіруе арганізацыяй сустрэч сальватарыянін а. Штэфан Горн. Пасля нядаўняй сустрэчы з Пантыфікам на пенсіі ён прызнаўся, што Бэнэдыкт ХVI не прыме ўдзелу ў сёлетнім спатканні, але адчувае сябе добра і фізічна, і інтэлектуальна.







All the contents on this site are copyrighted ©.