2013-06-24 14:11:17

Францішак да яўрэйскай супольнасці: чалавецтва чакае нашага супольнага сведчання


RealAudioMP3 Са словам “шалом” звярнуўся да членаў “Яўрэйскага камітэта па міжрэлігійным кансультацыям” 24 чэрвеня папа Францішак. Святы Айцец назваў іх “старэйшымі братамі”, “дарагім хрысціянскай традыцыі”. Ён нагадаў, што ў першыя дні свайго пантыфікату меў магчымасць сустрэцца з “выбітнымі постацямі яўрэйскага свету”, аднак сённяшняя сустрэча стала першай магчымасцю пабачыцца з афіцыйнай групай прадстаўнікоў яўрэйскай супольнасці. У сваёй прамове Пантыфік галоўным чынам засяродзіўся на актуальнасці дэкларацыі ІІ Ватыканскага Сабору “Nostra Aetate”, “якая прадстаўляе фундаментальны пункт для Каталіцкага Касцёла ў адносінах з яўрэйскім народам”. У першую чаргу Папа адзначыў, што дакумент рашуча асуджае нянавісць і пераслед у адносінах да яўрэйскага гароду, а таксама ўсялякія праявы антысемітызма. “З-за нашых супольных каранёў хрысціянін не можа быць антысемітам!”, - сказаў Францішак.

Паводле Святога Айца, фундаментальныя прынцыпы, выказаныя ва ўзгаданай вышэй дэкларацыі, паспрыялі лепшаму ўзаемнаму знаёмству і паразуменню, дасягнутаму паміж яўрэямі і католікамі на працягу апошніх дзесяцігоддзяў. “Гаворка ідзе пра шлях, за які мы павінны шчыра дзякаваць Пану”, - адзначыў Папа і дадаў, што быў яго сведкам асабіста. “Падчас майго служэння ў якасці арцыбіскупа Буэнас-Айрэса я меў радасць падтрымліваць шчырае сяброўства з некаторымі прадстаўнікамі яўрэйскага свету. Мы часта абмяркоўвалі нашу падобную рэлігійную ідэнтычнасць, вобраз чалавека прадстаўлены ў Святым Пісанні, магчымасці спрыяць жывому адчуванню Бога ў свеце, у многіх аспектах секулярызаваным. Але перш за ўсё, як сябры, мы атрымлівалі асалоду ад узаемнай прысутнасці, мы ўзаемна ўзбагачаліся сустрэчамі і дыялогам, узаемнай адкрытасцю, і гэта дапамагло нам узрастаць як людзям і вернікам”, - сказаў Пантыфік.

Паводле Папы, такія адносіны і такі дыялог паміж католікамі і яўрэямі існуюць ў многіх частках свету. Ён заклікаў працягваць дыялог і ўключаць у яго таксама маладыя пакаленні. “Чалавецтва мае патрэбу ў нашым супольным сведчанні на карысць годнасці мужчыны і жанчыны, створаных на вобраз і падабенства Бога, на карысць міра, які перш за ўсё з’яўляецца дарам”, - сказаў Францішак. “Гэтым словам: мір, шалом, я б хацеў закончыць мой зварот, просячы аб дары вашай малітвы і абяцаючы вам сваю”, - сказаў на заканчэнне сустрэчы Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.