2013-06-24 15:36:58

Святы Айцец: Касцёл, як і св. Ян, павінен адлюстроўваць Божае слова


RealAudioMP3 Касцёл пакліканы абвяшчаць Божае слова, аж да мучаніцтва, лічыць папа Францішак. 24 чэрвеня, ва ўрачыстасць Нараджэння св. Яна Хрысціцеля, Пантыфік узначаліў ранішнюю Эўхарыстыю. У сваёй гаміліі Францішак адзначыў, што св. Ян – гэта “асоба, якую нялёгка зразумець”: ён сам называў сябе “голасам у пустыні”, але быў “голасам без слова, таму што словам быў не ён”, але Езус. У гэтым таямніца св. Яна: “Ён ніколі не прысвойваў Слова”, - сказаў Папа. Францішак звярнуў увагу на тое, што Касцёл выбраў дату святкавання ўрачыстасці нараджэння св. Яна ў перыяд, калі дні з’яўляюцца самымі доўгімі ў годзе, калі “маюць больш святла”. І сапраўды, “св. Ян быў чалавекам святла, нёс святло – але не ўласнае, а тое, якое адлюстроўваў”, - сказаў Пантыфік, маючы на ўвазе Хрыста. “Ян быў як луна, і калі Езус пачаў прапаведваць, святло Яна пачало памяншацца і заходзіць. (...) Здаецца, Ян станавіўся нічым. У гэтым было яго пакліканне: стаць нічым”, - сказаў Пантыфік і дадаў, што нам амаль нічога невядома пра яго смерць, толькі тое, што галава святога стала дарам танцоркі для чужаложніцы. “Думаю, што нельга быць больш прыніжаным”, - адзначыў Папа.

На думку Святога Айца, св. Ян Хрысціцель з’яўляецца вобразам Касцёла. “Касцёл існуе, каб абвяшчаць, каб быць голасам Слова, свайго жаніха. (...) Касцёл існуе, каб абвяшчаць гэта слова аж да мучаніцтва. Калі дакладней, то мучаніцтва ад рук ганарлівых, самых ганарлівых на зямлі”, - сказаў Папа і дадаў, што св. Ян мог стаць важным чалавекам, распавесці штосьці пра сябе, але не зрабіў гэтага, указваючы выключна на Слова.

Паводле Францішка, св. Ян “ніколі не ўспрымаў праўды, як нечага ўласнага. Не хацеў быць ідэолагам. Ён быў чалавекам, які адмовіўся ад сябе, каб аб’явілася Слова”. Гэта прыклад для ўсяго Касцёла, які павінен пастаянна прасіць аб ласцы не быць ідэалагізаваным, перакананы папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.