2013-06-24 13:58:36

Папа размаўляў з прэм’ерам Мальты пра рэлігію ў школах, каталіцкія сужэнствы і міграцыю


RealAudioMP3 24 чэрвеня 2013 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Апостальскім палацы прэм’ер-міністра Рэспублікі Мальта Джозэфа Муската. Палітык, пасля размовы са Святым Айцом, сустрэўся з кардыналам Дзяржсакратаром Тарчызіо Бэртонэ, якога суправаджаў арцыбіскуп Дамінік Мамбэрці, сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі. Падчас сардэчных перамоў былі падкрэслены апостальскія карані Касцёла на Мальце і след, які хрысціянства пакінула ў гісторыі і культуры архіпелага. Узгадваліся пастырскія візіты на Мальту бл. Яна Паўла II і папы Бэнэдыкта XVI, якія пакінулі глыбокія ўспаміны у Касцёле і грамадстве.

Падчас размоў абодва бакі пацвердзілі неабходнасць захавання хрысціянскіх каштоўнасцяў і нагадалі аб важнай ролі, якую адыгрывае ў краіне Каталіцкі Касцёл з яго дабрачыннымі і адукацыйнымі ўстановамі, дзякуючы шматлікім пагадненнях, заключаным паміж Святым Пасадам і Мальтай, у тым ліку аб выкладанні каталіцкай рэлігіі ў дзяржаўных школах. Размовы засяродзіліся асаблівым чынам на Пагадненні аб грамадзянскіх наступствах касцёльнага сужэнства, што будзе прадметам далейшых перамоў паміж бакамі.

Закраналася таксама міжнародная праблематыка, між іншым, праблемы і крытычныя сітуацыі, якія ўплываюць на Міжземнаморскі рэгіён, і роля Мальты ў Еўрапейскім Саюзе. Асаблівая ўвага была звернута на феномен міграцыі ў Еўропу.







All the contents on this site are copyrighted ©.