2013-06-23 10:32:31

Кс. Ламбардзі: Папа не мае ніякіх праблем са здароўем


RealAudioMP3 У Ватыкане абверглі чуткі пра стан здароўя Пантыфіка пасля адмены яго ўдзелу ў канцэрце 22 чэрвеня. Няма прычын для непакою адносна здароўя Папы, сказаў кс. Фэдэрыка Ламбардзі, кіраўнік Залы Друку Апостальскай сталіцы у суботу вечарам. Перад канцэртам, які прадставіў у Ватыкане Нацыянальны сімфанічны аркестр італьянскага радыё і тэлебачання “RAI” пад кіраўніцтвам славацкага дырыжора Юрая Вальчугі, было паведамлена, што папа Францішак не можа прысутнічаць на ім з-за некаторых прыярытэтных службовых абавязкаў.

Першапачаткова інфармавалася аб прысутнасці Святога Айца на выкананні Дзевятай сімфоніі Бетховена. Арганізатарам мерапрыемства была Паская рада па новай евангелізацыі, а праходзіў канцэрт у рамках “Года веры”. Кіраўнік ватыканскай дыкастэрыі, арцыбіскуп Рына Фізікела, прачытаў перад пачаткам канцэрту кароткае паведамленне ад імя Святога Айца. У ім Пантыфік падзякаваў “усім тым, хто зрабіў магчымым і хто арганізаваў канцэрт у “Год веры”. Ён назваў сімфонію Бетховена “манументальнай”. Гэты твор, на думку Папы, “не толькі дазваляе перажываць моманты задумы і ўзвышэння душы, але выклікае ва ўсіх пачуцці і эмоцыі, якія вядуць нас да разважання”.

Кс. Ламбардзі паведаміў, што ўчарашняя адсутнасць Пантыфіка не паўплывае на праграму яго ўдзелу ў наступных мерапрыемствах. Францішак правядзе ўсе запланаваныя сустрэчы, паведаміў святар.







All the contents on this site are copyrighted ©.