2013-06-22 14:00:34

Францішак: любоў да Хрыста, Касцёла і чалавека – фундаментальныя рысы Паўла VI


RealAudioMP3 Любоў да Хрыста, Касцёла і чалавека – гэта тры фундаментальныя рысы, якія характарызуюць Паўла VI, адзначыў Францішак падчас сустрэчы з пілігрымамі з італьянскай дыяцэзіі Брэшыа. 22 чэрвеня каля 5 тыс. вернікаў прыбылі ў Рым з родных мясцін Паўла VI, каб адзначыць 50-ю гадавіну яго абрання на Пасад св. Пятра. У ватыканскай базыліцы з імі сустрэўся папа Францішак. У сваёй прамове Пантыфік нагадаў пра актуальнасць слоў свайго папярэдніка: “Ты нам неабходны, о Хрысце!”. “Так, Езус як ніколі патрэбны сучаснаму чалавека, таму што ў “пустынях” секулярызаваных гарадоў Ён кажа пра Бога, адкрывае Яго аблічча”, - сказаў Папа. Ён адзначыў, што Павел VI адчуваў глыбокае жаданне абвяшчаць Хрыста – “фундамент усяго” і “цэнтр гісторыі і свету”. “Ці маем і мы такую любоў да Хрыста? Ці Ён знаходзіцца ў цэнтры нашага жыцця? Ці сведчым аб Ім сваімі ўчынкамі штодня?”, - спытаў вернікаў Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў, што яго папярэднік хацеў бачыць Касцёл адкрытым і місійным. У сувязі з гэтым Францішак звярнуўся да вернікаў з пытаннем: “Ці сапраўды з’яўляемся Касцёлам паяднаным з Хрыстом, здольным выйсці і абвяшчаць Яго ўсім, у першую чаргу тым, каго я называю “экзістэнцыяльнымі перыферыямі”? Мы закрытыя ў саміх сабе, у нашых групах, нашых маленькіх касцёльчыках або любім Касцёл вялікі, Касцёл Маці, Касцёл, які нас скіроўвае на місіі і дазваляе выйсці па-за свае рамкі?”, - спытаў Папа.

Францішак нагадаў пра любоў Паўла VI да людзей, якая была звязана з яго любоўю да Хрыста: менавіта гэта падштурхоўвала яго сустракаць чалавека, паважаць, пазнаваць і служыць яму. Павел VI лічыў Касцёл “слугой чалавецтва” і гэта, паводле Францішка, актуальна таксама і сёння.








All the contents on this site are copyrighted ©.