2013-06-21 14:35:36

"Відэакатэхізіс Каталіцкага Касцёла" на заканчэнне Года веры


RealAudioMP3 Распаўсюджваць і тлумачыць навучанне Касцёла, а таксама знаёміць з прыгажосцю хрысціянскай веры, з дапамогай сучаснай мовы і знакаў – гэта мэта “Відэакатэхізіса Каталіцкага Касцёла” прэзентацыя якога пройдзе ў Ватыкане 28 чэрвеня. Ён быў падрыхтаваны рэжысёрам Гіёнам Колндрэкаем і выпушчаны кампаніяй “Grossin Media Group” у супрацоўніцтве з Ватыканскім выдавецтвам. Праект уключае ў сябе 2500 хвілін відэаматэрыялаў высокай якасці, падзеленых на 70 раздзелаў Катэхізіса Каталіцкага Касцёла (кожны працягласцю ў 30 хвілін) і 70 сегментаў Кампендыя Катэхізіса Каталіцкага Касцёла (кожны працягласцю ў 10 хвілін). Увесь “Відэакатэхізіс” будзе выдадзены ў чатырох частках.

У кожным з раздзелаў, пра веру будуць распавядаць звычайныя людзі, а таксама сусветна вядомыя дзеячы культуры, навукі, мастацтва, кіно, музыкі, спорта, свету эканомікі і фінансаў. Яны пазнаёмяць гледачоў “Відэакатэхізіса” з часткамі гэтага важнага дакумента і раскажуць чаму вераць у Бога. Праект запланаваны як шматмоўны.

Замовіць “Відэакатэхізіс Каталіцкага Касцёла” можна будзе з верасня 2013 г. а з’явіцца ён на заканчэнне Года веры, ў лістападзе 2013 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.