2013-06-21 15:36:03

Вядомы імёны лаўрэатаў “Нобелеўскай прэміі па тэалогіі”


RealAudioMP3 21 чэрвеня сталі вядомы імёны сёлетніх лаўрэатаў “Прэміі Ратцынгера” – імі сталі англіканскі бібліст Рычард Бёрыдж і нямецкі тэолаг Крысціян Шалер. “Прэмія Ратцынгера”, якую называюць таксама “Нобелеўскай прэміяй па тэалогіі” уручаецца з 2011 г. “Ватыканскім фондам Ёзэфа Ратцынгера – Бэнэдыкта XVI”, заснавальнікам якога з’яўляецца сам Папа на пенсіі. Яна прысуджаецца за асаблівы ўклад у развіццё тэалогіі. Сёлета яе лаўрэатам упершыню стаў даследчык некаталікага веравызнання. Урачыстае ўручэнне прэміі адбудзецца 26 кастрычніка 2013 г. Пра гэта расказаў, падчас сустрэчы з журналістамі ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы кардынал Каміла Руіні, былы Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі.

Рычард Бёрыдж з’яўляецца адным з самых аўтарытэтных біблістаў у свеце. Ён зрабіў каштоўны ўклад у гістарычнае і тэалагічнае пацвярджэнне сувязі паміж Евангеллямі і асобай Езуса Хрыста. Кардынал Руіні падкрэсліў, што гэта тэма таксама блізкая тэалагічным даследванням Бэнэдыкта XVI і заўсёды прасочвалася ў яго душпастырскай дзейнасці.

Нямецкі даследчык Крысціян Шалер, у сваю чаргу, на працягу многіх гадоў супрацоўніцаў з арцыбіскупам Герхардам Людвікам Мюлерам, сённяшнім прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння і з’яўляецца кіраўніком “Інстытута Бэнэдыкта XVI” у Регенсбургу. Прэмію ён атрымае не толькі за ўклад у развіццё тэалогіі, а таксама за працу над поўным зборнікаў твораў Бэнэдыкта XVI.








All the contents on this site are copyrighted ©.