2013-06-20 11:56:27

Папа: слова “Айцец” – гэта ключ да кожнай малітвы


RealAudioMP3 Для таго, каб маліцца “Ойча наш”, мы павінны мець сэрца ў спакоі з нашымі братамі, нагадаў Святы Айцец. Ён адзначыў, што хрысціяне вераць у Бога, які з’яўляецца Айцом, “вельмі блізкім” да кожнага, не ананімным, не нейкім “касмічным Богам”. Малітва – гэта не магія, але імкненне ў абдымкі Айца, сказаў папа Францішак падчас гаміліі ў капліцы Дома св. Марты 20 чэрвеня. Ён спаслаўся на малітву “Ойча наш”, якой Езус навучыў сваіх вучняў, і падкрэсліў, што такім чынам Збаўца вучыць нас “не марнаваць слоў, не крычаць”, як робіць сучасны свет. Святы Айцец звярнуў увагу, што Езус вучыць не ісці са шматслоўем да Бога, бо Ён усё ведае. Слова “Айцец” – гэта ключ да кожнай малітвы. “Не гаворачы, не адчуваючы гэтага слова, - папярэдзіў Папа - не можна маліцца”. “Айцец”, паўтарыў ён, “гэта моцнае слова”, яно “адчыняе дзверы”, яно прадугледжвае існаванне любячага сына.

Папа звярнуў увагу, што словы “Ойча наш” нагадваюць кожнаму хрысціяніну, што ён не адзінокі, “не адзінае дзіця ў сям’і”. Калі хтосьці не намагаецца быць братам для іншых, “ён з цяжкасцю можа стаць дзіцём Айца”, адзначыў Пантыфік і дадаў, калі хрысціянін жыве не ў спакоі са сваімі братамі, ён не мае права казаць “Ойча” у адносінах да Бога. Менавіта таму, нагадаў Папа, Езус непасрэдна пасля таго, як навучыў апосталаў малітве “Ойча наш”, падкрэсліў, што калі мы не даруем іншым і Айцец не даруе нам нашы грахі.

“Менавіта Святы Дух – гэта той, хто вучыць нас, знутры, ад сэрца, як казаць “Ойча” і як казаць “наш”, - адзначыў Папа і заклікаў слухаць Яго голас “імкнучыся да спакою з усімі нашымі ворагамі”.







All the contents on this site are copyrighted ©.