2013-06-19 11:36:25

Папа заклікаў быць гасціннымі да бежанцаў і спрыяць павазе да чалавечага жыцця


RealAudioMP3 На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Папа нагадаў, што 20 чэрвеня будзе адзначацца Сусветны дзень бежанца. Сёлета ён прысвечаны сем’ям, якія былі вымушаны паспешна пакінуць родную зямлю, згубілі сваю маёмасць і бяспеку, уцякаючы ад насілля, пераследу, цяжкай дыскрымінацыі з прычыны вызнаванай веры, прыналежнасці да пэўнай этнічнай групы ці з палітычных прычын. “Акрамя небяспекі звязанай з падарожжам, часта гэтыя сем’і знаходзяцца перад рызыкай распадаў, а ў краінах, якія іх прымаюць, павінны адаптавацца да культур і грамадстваў адрозных ад сваіх уласных. Мы не можам быць нячулымі да сем’яў і ўсіх нашых братоў і сясцёр бежанцаў: мы пакліканы дапамагаць ім, быць адкрытымі да разумення і гасціннасці”, - заклікаў Папа. Францішак адзначыў, што ў абліччы бежанцаў, адлюстроўваецца аблічча самаго Хрыста.

Таксама Святы Айцец нагадаў, што ў нядзелю, 16 чэрвеня адзначаўся Міжнародны дзень “Evangelium vitae”, прысвечаны абароне жыцця. Мерапрыемствы, якія праходзілі ў Ватыкане з гэтай нагоды былі арганізаваны Папскай радай па новай евангелізацыі. Кульмінацыяй святкавання стала Эўхарыстыя на плошчы св. Пятра, якую ўзначаліў папа Францішак. “Я б хацеў яшчэ раў заклікаць усіх прыняць “Евангелле жыцця” і сведчыць аб ім, спрыяць і бараніць жыццё ва ўсіх яго вымярэннях і на ўсіх этапах. Хрысціяні – гэта той, хто кажа “так” жыццю, хто кажа “так” Богу, Жывому”, - сказаў Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.