Пра значэнне выразу
“Касцёл – Цела Хрыста” расказаў папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла
19 чэрвеня на плошчы св. Пятра. У сваёй катэхезе Пантыфік звярнуў увагу на тэалагічны
фундамент гэтага выразу, а таксама патлумачыў, якое значэнне гэтыя словы маюць для
жыцця кожнага верніка. Святы Айцец пачаў сваё разважанне з успаміну пра навяртанне
апостала Паўла: апошні пераследаваў хрысціян, але на дарозе ў Дамаск пачуў ад Бога
словы аб тым, што пераследуе самаго Хрыста. “Гэты досвед св. Паўла кажа нам, наколькі
глыбокае адзінства існуе паміж намі хрысціянамі і самім Хрыстом. Калі Езус узышоў
на неба, Ён не пакінуў нас сіротамі, але праз дар Святога Духа еднасць з Ім стала
яшчэ больш моцнай. ІІ Ватыканскі Сабор кажа, што Езус “удзяляючы свайго Духа, устанавіў
містычным чынам сваё цела са сваіх братоў, пакліканых з усіх народаў”, - нагадаў Папа.
Паводле
Святога Айца, вобраз цела дапамагае глыбей зразумець глыбокую сувязь, якая існуе паміж
Касцёлам і Хрыстом. “Перш за ўсё, Касцёл гэта жывая рэальнасць. Касцёл – гэта не дабрачынная,
культурная ці палітычная арганізацыя, але жывое цела, якое крочыць і дзейнічае ў гісторыі.
І гэта цела мае галаву, Езуса, Які яго вядзе, насычае і падтрымлівае. Гэта аспект,
які б я хацеў падкрэсліць: калі галава аддзяляецца ад цела, асоба не можа выжыць.
Так і ў Касцёле: мы павінны ўсё больш і больш быць злучанымі з Езусам”, - адзначыў
Пантыфік.
Папа нагадаў, што для жыцця любога цела важнай з’яўляецца кроў, і
такой “кроўю” у Касцёле з’яўляецца дзейнасць Езуса. Францішак заклікаў кожнага дазволіць
Хрысту весці сябе, быць кіраваным Яго Словам, насычаным і натхнёным Яго эўхарыстычнай
прысутнасцю, падтрыманым Яго любоўю, якая дае сілы любіць бліжніх.
Папа нагадаў
словы апостала Паўла які параўнаў Касцёл з целам чалавека, якое складаецца са шматлікіх
членаў: яны розныя, але ўсе пакліканы фарміраваць адно жывое цела, глыбока злучанае
з Хрыстом. Пантыфік выказаў сваю заклапочанасць падзелам паміж хрысціянамі і звярнуў
увагу, што сёння яны павінны як ніколі шукаць адзінства. “Падзелы паміж намі, але
таксама падзелы паміж супольнасцямі: хрысціяне пратэстанты, хрысціяне праваслаўныя,
хрысціяне католікі ... але чаму падзеленыя? Мы павінны імкнуцца да адзінства”, - сказаў
Папа.
“Будзем добра памятаць, што быць часткай Касцёла, азначае быць паяднанымі
з Хрыстом і атрымліваць ад Яго Боскае жыццё, якое дазваляе жыць як хрысціяне, азначае
прабываць у еднасці з Папам і біскупамі, якія з’яўляюцца прыладамі адзінства і камуніі,
азначае навучыцца перамагаць індывідуалізм і падзелы, лепш разумець адно аднаго, гарманізаваць
адметнасці і багацці кожнага, адным словам, больш любіць Бога і людзей побач з намі,
у сям’і, парафіі, асацыяцыях. Цела і члены, каб жыць, павінны быць паяднанымі. Адзінства
стаіць вышэй за канфлікты!”, - сказаў Папа.
Святы Айцец адзначыў, што на
падзелы паміж хрысціянамі, іх абасобленасць і дробныя інтарэсы наносяць неверагодную
шкоды Касцёлу. Францішак заклікаў сабраных на плошчы св. Пятра прасіць Бога аб ласцы
еднасці, вызвалення ад спакусы падзелаў, барацьбы паміж сабой і эгаізму.