2013-06-18 12:18:50

Францішак: хрысціянін павінен быць рэвалюцыянерам праз ласку


RealAudioMP3 Сапраўднай рэвалюцыяй назваў хрост папа Францішак падчас сустрэчы з прадстаўнікамі Рымскай дыяцэзіі 17 чэрвеня. Было шмат рэвалюцыянераў у гісторыі, але ніхто не змог зрабіць рэвалюцыі падобнай на тую, якую прынёс Езус, Ён здзейсніў глыбокую змену чалавечых сэрцаў. “Рэвалюцыі ў гісторыі змянялі палітычныя, эканамічныя сістэмы, але ніводная з іх не змяніла сэрца чалавека”, - падкрэсліў Папа і дадаў, што сапраўдная рэвалюцыя – тая, якая радыкальна змяняе жыццё, што і здзейсніў Хрыстус праз свой крыж і ўваскрасенне. Хрысціяне, на думку Пантыфіка, з’яўляюцца ўдзельнікамі гэтай рэвалюцыі, сапраўднымі рэвалюцыянерамі, таму што ідуць па шляху найбуйнейшай змены ў чалавечай гісторыі. “Хрысціянін, калі ён сёння не рэвалюцыянер, ён не хрысціянін! Ён павінен быць рэвалюцыянерам праз ласку!”, - падкрэсліў Францішак. Ласку дае Хрыстус, і толькі Ён у стане гэта зрабіць, дадаў ён. Гэта, у сваю чаргу, павінна падштурхоўваць кожнага дзяліцца ласкай, бескарысліва. І вельмі сумна, адзначыў Пантыфік, што ў гісторыі некаторыя імкнуліся гандляваць ласкай.

Звяртаючыця да ўдзельнікаў дыяцэзіяльнага сходу, Папа адзначыў, што сёння шматлікія людзі “жывуць без надзеі”, шукаючы шчасця ў алкаголі, наркотыках, азартных гульнях, сіле грошай, сексуальнасці без правілаў. Ён заўважыў, што гэта безнадзея закранула асабліва маладых людзей, многія з якіх, страціўшы сэнс жыцця, спрабуе скончыць жыццё самагубствам. “Вы ведаеце, колькі самазабойстваў маладых людзей адбываецца ў сучасным свеце?”, - задаў рытарычнае пытанне Папа. Толькі хрысціяне могуць падарыць сучаснаму свету надзею, падкрэсліў ён, і зрабіць гэта праз сведчанне свайго жыцця, свабоду і радасць. Таму менавіта паслядоўнікі Хрыста павінны быць мужнымі, сутыкаючыся з праблемай сацыяльнага або рэлігійнага крызісу.

Сённяшні свет, падкрэсліў Францішак, чакае, што Касцёл адкрыецца на яго, што адчыняцца дзверы супольнасцяў, перш за ўсё, парафій. “Я не разумею хрысціянскай супольнасці зачыненай у межах парафіі”, - прызнаўся Папа. Такія “стэрыльныя супольнасці”, заўсёды бясплённыя, дадаў ён. “Евангельская плённасць паходзіць з ласкі Езуса Хрыста, але праз нас, наша прапаведванне, нашу мужнасць і наша цярпенне”, - лічыць Францішак.

Адзінае, аб чым просіць Езус – быць прынятым, нагадаў Папа. Вучні Укрыжаванага, падкрэсліў Францішак , не могуць не ісці ў тыя месцы, куды ніхто не жадае ісці з-за страху быць скампрамітаваным або асуджаным іншымі, бо там знаходзяцца тыя, хто чакае на Божае Слова.







All the contents on this site are copyrighted ©.