2013-06-18 15:07:13

Святы Пасад за навучанне дзяцей прыгажосці


RealAudioMP3 Папская рада па культуры заклапочана лёсам дзяцей з псіха-сацыяльнымі праблемамі, якія маюць складанасці з інтэграцыяй у грамадства. 23 чэрвеня цягнік з такімі дзецьмі вырушыць у “падарожжа праз прыгажосць”. 450 юнакоў і дзяўчынак разам з апекунамі прыбудуць на адмысловым цягніку з Мілану ў Ватыкан, дзе сустрэнуцца з папам Францішкам. Кардынал Джанфранка Равазі заявіў 18 чэрвеня, што такім чынам ватыканская дыкастэрыя, якую ён узначальвае, хоча дапамагчы дзецям развіваць візуальную камунікацыю, кантакт з мастацтвам і мову вобразаў. Вельмі важна, каб падрастаючае пакаленне выхоўвала ў сабе пачуццё прыгажосці, дадаў ён. Падчас падарожжа, непасрэдна ў цягніку дзецям будуць прапанаваны розныя заняткі і прэзентацыі, якія правядуць для іх мастакі і творцы.

Праект “Дзіцячы цягнік. Падарожжа праз прыгажосць” з’яўляецца этапам ініцыятывы “Падворак дзяцей” Папскай рады па культуры. Кардынал Равазі лічыць, што сённяшнія дзеці патрабуюць падтрымкі, паколькі ўжо на пачатку свайго жыццёвага шляху сустракаюцца з цяжкасцямі. Ад самых каранёў трэба выхоўваць пакаленне моладзі, якая будзе мець пачуццё прыгажосці, не будзе разгублена як пакаленне сённяшнее, і здолее жыць будучыняй, не аглядаючыся назад, адзначыў ватыканскі іерарх і дадаў, што фундаментам такой паставы з’яўляецца надзея.

У “Дзіцячым цягніку” вырушаць у Ватыкан дзеці розных нацыянальнасцяў: кітайцы, японцы, перуанцы, сенегальцы, албанцы, філіпінцы, румыны, украінцы, італьянцы, немцы. Іх будзе суправаджаць 164 асобы спасярод выхаваўцаў, бацькоў і валанцёраў. Амаль для ўсіх дзяцей падарожжа на цягніку стане першым у іх жыцці.







All the contents on this site are copyrighted ©.