2013-06-18 12:57:38

Папа: рабіць усё, каб дараваць ворагам


RealAudioMP3 Любіць ворагаў цяжка, але гэта тое, чаго Езус патрабуе ад нас, нагадаў Францішак, каб дараваць ворагам, важна маліцца за іх, маліцца да Пана за змену іх сэрца, дадаў ён. “Мы занадта часта робім іншых ворагамі: мы не жадаем ім дабра. А Езус кажа нам, што мы павінны любіць нашых ворагаў! І гэта не проста! Гэта не лёгка! Нават мы лічым, што Езус просіць зашмат! Мы пакідаем гэта законніцам, якія з’яўляюцца святымі, мы пакідаем гэта “святым душам”, але для звычайнага жыцця лічым гэта непадыходзячым. І гэта павінна змяніцца! Езус кажа: “Не! Мы павінны зрабіць гэта! Таму што інакш вы, як мытнікі, як язычнікі. Вы не хрысціяне”, - сказаў Папа.

Каб любіць сваіх ворагаў, нагадаў Францішак, трэба навучыцца дараваць ім, “рабіць усё, каб дараваць”. Помста, папярэдзіў ён – гэта не па-хрысціянску. Трэба таксама маліцца за іх, дадаў Пантыфік, менавіта аб гэтым прасіў сваіх паслядоўнікаў Езус. Гэта праўда, сказаў Папа, любоў да ворагаў “абядняе нас”, яна “робіць нас беднымі” на падабенства Хрыста, Які быў прыніжаны для нас. У гэтай “беднасці” ёсць ласка, якая апраўдала ўсіх нас, зрабіла нас багатымі, у ёй – таямніца збаўлення. “З дараваннем, любоўю да ворага, мы становімся бядней: любоў абядняе нас, але, гэта беднасць з’яўляецца семем урадлівасці і любові да іншых людзей”, - падкрэсліў Святы Айцец і дадаў, што менавіта беднасць Езуса стала ласкай збаўлення для ўсіх нас, сапраўдным багаццем.

Францішак запрасіў сабраных на Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 18 чэрвеня падумаць пра ворагаў, “тых, хто не жадае нам добра”, і, магчыма, ахвяраваць за іх св. Імшу, каб навучыліся любіць, і адначасова за сябе, каб навучыцца цяжкай мудрасці, што набліжае да вобразу Бога, Які “спасылае сонца на ўсіх, добрых і дрэнных”.







All the contents on this site are copyrighted ©.