2013-06-17 10:55:03

Кардынал: Папа свядомы, што яму трэба прымаць рашэнні і ён у стане гэта зрабіць


RealAudioMP3 Еўропа, на думку арцыбіскупа Міланскага, кардынала Анджэла Сколы, ідзе да свайго падзення. Грамадзянская супольнасць і Касцёл тут старыя і стомленыя, яны павінны “радыкальна перагледзець” адносіны да сябе, сказаў іерарх у вялікім інтэрв’ю італьянскай “La Stampa” 16 чэрвеня. Апошнія падзеі ў Турцыі і Сірыі, на думку кардынала, гэта выразны сігнал для Еўропы. Знакам Провіду ён назваў абранне новага Папы. Францішак спрабуе вярнуць Касцёл і грамадства да асноўнага агульнага досведу. Пад яго кіраўніцтвам еўрапейскія Касцёлы будуць мець мужнасць пачаць усё нанова.

Кардынал вельмі станоўча ўражаны сілай, сведчаннем, ладам жыцця і камунікатыўнымі здольнасцямі новага Папы. Францішак свядомы, што яму трэба прымаць рашэнні і ён у стане гэта зрабіць. Кардынал Берголіа ўжо перад канклавам быў перспектыўным кандыдатам на Пасад св. Пятра, прызнаўся міланскі арцыбіскуп.

Пратэсты ў Турцыі, паводле кардынала Сколы, “гэта, хутчэй, грамадзянскі пратэст, выкліканы шэрагам фактараў, у тым ліку ісламізацыяй, якая суправаджаецца ростам аўтарытарных тэндэнцый”. На яго думку, еўрапейцы павінны прыняць вельмі сур’ёзна гэты сігнал. Для ацэнкі сітуацыі ў Сірыі, Касцёл таксама павінен слухаць хрысціянскіх лідэраў рэгіёну, якія перасцерагаюць ад знешняга ваеннага ўмяшання, бо ў шэрагі так званых паўстанцаў праніклі шматлікія ісламскія фундаменталісты. Ілюзорнымі і нерэальнымі ідэямі кардынал называе спробы заходніх лідэраў “экспартаваць дэмакратыю” у гэту краіну.

Адносіны паміж Касцёлам і дзяржавай, па словах аўтарытэтнага іерарха, павінны вызначацца партнёрствам. Касцёл не патрабуе прывілеяў. Але гэта не значыць, што дзяржава павінна нейтралізаваць рэлігію і дэпартаваць яе на бязлюдны востраў. “Рэлігія павінна займаць сваё месца ў дзяржаве, выказваць сваё меркаванне і дэбатаваць з іншымі ідэямі”. Такім чынам, ніхто не павінен забіраць у хрысціян магчымасць выказваць свае ідэі адносна сужэнства і сям’і ў грамадстве. Гаворачы пра ​​юрыдычнае прызнанне гомасексуальных саюзаў кардынал Скола адзначыў: “Адна справа, забеспячэнне асабістых правоў для ўсіх, другая, прамы або ўскосны ўплыў на сям’ю”.

Кансультатыўная група з васьмі кардыналаў, павінны дапамагчы Папе весці лінію развіцця Касцёла, што ніякім чынам не паўплывае на прымат Пантыфіка, адзначыў кардынал. Напярэдадні канклава кардыналамі было падтрымана меркаванне, што абраны Папа павінен будзе “знайсці новыя формы кіраўніцтва Касцёлам”. Паводле арцыбіскупа Міланскага, стварэнне кардынальскай групы – крок менавіта ў гэтым напрамку.







All the contents on this site are copyrighted ©.