2013-06-17 14:05:22

Абраз Маці Божай Будслаўскай паедзе ў Святую Зямлю


RealAudioMP3 Святкаванне 400-годдзя іконы Маці Божай Будслаўскай выйдзе далёка за межы Беларусі. Па благаслаўленні арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, копія абраза будзе ўсталявана ў Назарэце. Са Святой Зямлі ўжо атрыманы дазвол на размяшчэнне ў санктуарыі Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі копіі адной з вялікіх святынь Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, паведаміў каардынатар гэтага праекту, ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, пробашч мінскай парафіі св. Сымона і св. Алены.

“Дзякуй Богу, гэта праца мае ўжо кшталты, бо маем фармат абраза і распрацаваную ідэю. Нашы мастакі ўжо ладкуюць поўную гамму колераў абраза Маці Божай з розных матэрыялаў – гэта бурштын, розныя смальты. Сам абраз Маці Божай будзе выкананы ў горадзе Бяроза, на шклозаводзе, там жа ён будзе і распісаны. Гэта будзе сапраўды дастойная ікона ад Беларусі ў Святой Зямлі”, - сказаў святар.

Санктуарый у Назарэце пабудаваны на месцы, дзе жыла Святая Сям’я. Так павялося з даўніх часоў, што пілігрымы, якія прыязджаюць туды з усяго свету, пакідаюць у санктуарыі свае іконы. Сёння там цэлая галерэя абразоў Маці Божай з розных краін – Непалу, Грэцыі, Францыі, Італіі, Іспаніі, Партугаліі, Польшчы (гэта няпоўны спіс). Мазаіка будслаўскай іконы, паводле ідэі, будзе 2 метры ўвышыню і 70 сантыметраў у шырыню. Унізе будзе змешчана выява будслаўскай базылікі, уверсе – сам абраз Маці Божай. Да працы далучаюцца шматлікія вернікі – як ахвяраваннямі, так і малітвай.

“Мы маем там ужо вызначанае месца. Гэта ініцыятыва прадставіць Беларусь на сусветным духоўным узроўні. Таму заахвочваю ўсіх суайчыннікаў, у краіне і за мяжой, да малітвы, каб Маці Божая Будслаўская – апякунка Беларусі, берагла ўсіх”, - звярнуўся каардынатар ініцыятывы.

Святары і вернікі будуць маліцца таксама, каб ідэя ўсталявання копіі іконы Маці Божай Будслаўскай у Назарэце была рэалізавана. 2013 год у Каталіцкім Касцёле ў Беларусі праходзіць пад знакам ушанавання цудатворнай святыні – нагадаў кс. Уладзіслаў. “Мы маем сапраўды прыгожую і светлую падзею на нашай Бацькаўшчыне – 400-годдзе Будслаўскай іконы, якая прыбыла да нас. Гэта вялікая падзея і мы ўдзячны Богу за гэты вялікі дар”, - сказаў ён.

Аб канкрэтнай даце пілігрымкі ў Назарэт і ўсталявання ў санктуарыі копіі іконы пакуль невядома. У такой справе спяшацца нельга, адзначыў святар. Галоўнае, яна пачалася ў юбілейны год і зусім скора мазаічны абраз прадстане перад вачыма беларускіх вернікаў.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.