2013-06-16 12:47:09

Папа Францішак: абараняць і абвяшчаць Евангелле жыцця


RealAudioMP3 Святы Айцец узначаліў 16 чэрвеня Эўхарыстыю ў Міжнародны дзень “Evangelium Vitae”, прысвечаны абароне жыцця. Папа запрасіў сабраных на плошчы св. Пятра дзякаваць Богу за дар жыцця “ва ўсіх яго шматлікіх праявах” і быць гатовымі абвяшчаць Евангелле Жыцця. Францішак нагадаў, што Святое Пісання адкрывае “Бога Жывога – Бога, які ёсць жыццё і крыніца жыцця”. Менавіта яно перасцерагае ад эгаізму, у выніку якога чалавек імкнецца паставіць сябе на на месца Бога, што ў канчатковым выніку заканчваецца смерцю.

“Эгаізм прыводзіць да хлусні, з якой чалавек спрабуе падмануць сябе і іншых”, - заўважыў Папа і дадаў, што Бога не можна падмануць. Менавіта Біблія, нагадаў Пантыфік, “нагадвае нам, што Бог ёсць жыццё, (...) Ён той, хто паказвае шлях паўнавартаснага жыцця”. “Езус ёсць увасабленне Бога Жывога, Таго, хто прыносіць жыццё, перад абліччам шматлікіх праяваў смерці, перад тварам граху, эгаізму, закрытасці ў сабе. Езус прымае, любіць, ўзвышае, дадае адвагі, даруе і дае сілы зноў ісці, аднаўляе жыццё.(...) Хрысціянін – гэта чалавек духоўны, і гэта не азначае, што ён “лунае ў аблоках”, за межамі рэальнасці (як прывід). Не! Хрысціянін – гэта чалавек, які думае і дзейнічае ў паўсядзённым жыцці паводле Бога, чалавек, які дазваляе Яму аніміраваць сваё жыццё, сілкуецца Святым Духам (...). А гэта азначае, рэалізм і ўрадлівасць. Той, хто дазваляе кіраваць сябе Святому Духу з’яўляецца рэалістам, ведае, як вымерыць і ацаніць рэальнасць, і ён прыносіць плён: яго жыццё спараджае жыццё навокал”, - сказаў Папа.

Святы Айцец з жалем заўважыў, што чалавек не заўсёды выбірае жыццё, якое прапануе яму Бог, часта не прымае Евангелля жыцця, “але кіруецца ідэалогіяй і логікай, якія ставяць перашкоды на шляху жыцця, не паважаюць яго, бо прадыктаваныя эгаізмам, карысцю, прыбыткам, уладай, задавальненнем, а не любоўю і пошукам дабра для іншых”. Сучасны свет, заўважыў Папа, жыве “пастаяннай ілюзіяй”, пабудаваць чалавечую краіну без Бога, без жыцця і любові да Бога – новую Вавілонскую вежу. Ён памылкова думае, што “адмова ад Бога, паслання Хрыста, Евангелля жыцця, вядзе да свабоды, да поўнай рэалізацыі чалавека”. Але замест свабоды гэтыя ідалы ілюзорнай свабоды прыносяць новыя формы рабства і смерці, адзначыў Францішак.

Пантыфік запрасіў “глядзець на Бога, як на Бога жыцця”, глядзець на Яго запаведзі, пасланне Евангелля, як на жыццё ў свабодзе, сказаць “так” любові і жыццю і “не” эгаізму і смерці – адным словам “так” Богу, які ёсць любоў, жыццё і свабода, Які ніколі не расчароўвае. Папа Францішак нагадаў, што толькі вера ў Жывога Бога можа зрабіць чалавека шчаслівым і свабодным.







All the contents on this site are copyrighted ©.