2013-06-15 16:05:25

Ватыканскі іерарх пра “тэалогію цела”


RealAudioMP3 У Фаціме ў гэтыя дні праходзіць 4-ы Міжнародны сімпозіум на тэму “тэалогіі цела”. Арганізатары ставяць за мэту развеяць негатыўныя міфы, звязаныя з гэтай тэматыкай. У форуме прымае ўдзел біскуп Жан Лафіт, сакратар Папскай рады па справах сям’і. Ён падкрэсліў, што немагчыма зразумець тэалогіі цела без упэўненасці ва ўваскрэсенні і правільнага ўяўлення пра сужэнства паміж мужчынам і жанчынай. Іерарх нагадаў, што размова ідзе пра саюз адкрыты для жыцця, нараджэння новай чалавечай асобы . Менавіта адкрытасць на прыняцце новага чалавечага жыцця сужонкамі, і такім чынам іх супрацоўніцтва са Створцам, з’яўляецца адным з інтэгральных паняццяў, якое Ян Павел ІІ акрэсліваў “тэалогіяй цела”, нагадаў ватыканскі іерарх.

На думку біскупа Лафіта, “таямніца любові сужонкаў можа быць прадоўжана ў напрамку Эўхарыстыі”. Ён спаслаўся на св. Паўла, які нагадваў пра абавязак мужоў любіць сваіх жонак, як сваё ўласнае цела. Такім чынам муж, які любіць сваю жонку, любіць самога сябе, што адбываецца і паміж Хрыстом і Касцёлам, бо мы з’яўляемся часткай Яго Цела, звярнуў увагу ватыканскі іерарх.

Паняцце “тэалогія цела” нарадзілася са 129 катэхез Яна Паўла ІІ, прамоўленых ім па серадах у перыяд з 1979 г. па 1984 г. Святы Айцец жадаў стварыць такім чынам антрапалагічную аснову маральнага навучання Касцёла праз разважане над тэмамі стварэння чалавека, першароднага граху і адкуплення.

Папярэднія тры сімпозіумы, прысвечаны “тэалогіі цела”, праходзілі ў Аўстрыі – у 2007 г., Ірландыі – 2009 г. і Вялікабрытаніі – 2011 г.







All the contents on this site are copyrighted ©.