2013-06-14 09:55:06

Ватыканскі банкір: Касцёл патрабуе фінансавай незалежнасці


RealAudioMP3 “Касцёл патрабуе фінансавай незалежнасці”, таму стварэнне структур, якія гэтаму спрыяюць, неабходна і правільна, перакананы Паола Чыпрыані, з 2007 года генеральны дырэктар Інстытута рэлігійных спраў, папулярна называнага Ватыканскім банкам. “Наша мэта заключаецца ў падтрымцы Касцёла ў кіраванні яго фінансамі”, заявіў банкір і дадаў, што гэтыя сродкі прызначаюцца “на дасягненне самых высокіх мэтаў” у дабрачыннай і місійнай дзейнасці католікаў на ўсім свеце. Ватыканскі банк адрозніваецца ад іншых падобнага роду структур логікай сваёй дзейнасці. “Хоць сустветныя фінансавыя ўстановы прадастаўляць падобныя паслугі, робяць гэта з логікай прыбытку, а не місіі”, - заўважыў Чыпрыані.

Існаванне Інстытута рэлігійных спраў, падкрэсліў ватыканскі банкір у інтэрв’ю “Il Giornale”, забяспечвае фінансавую незалежнасць Касцёла, які можа выконваць сваю місію “не падвяргаючыся ціску з боку трэціх краін або сіл”. Гэта ацаніў таксама папа Францішак, які заявіў, што цэніць Ватыканскі банк за яго служэнне і мае давер да людзей, якія ў ім працуюць.

Чыпрыані нагадаў, што цяпер прадпрымаюцца самыя шырокія намаганні для большай празрыстасці ў дзейнасці банка. У хуткім часе паўстане інтэрнэт-рэсурс, які кампенсуе недахоп дакладнай інфармацыі аб гэтай ватыканскай структуры. Банкір заявіў, што калектыў з даверам і спакоем адносіцца да праверак, якія адбываюцца ў банку, паколькі кожны ведае, што яны маюць на мэце пацвердзіць адпаведнасць дзейнасці Інстытута з міжнароднымі патрабаваннямі.







All the contents on this site are copyrighted ©.