2013-06-13 11:55:16

Папа: абвяшчэнне Евангелля павінна суправаджацца простым стылем жыцця, малітвай і любоўю


RealAudioMP3 Абвяшчэнне Евангелля павінна суправаджацца простым стылем жыцця, духам малітвы і любоўю да ўсіх, асабліва да самых малых і бедных, лічыць папа Францішак. 13 чэрвеня Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў ХІІІ звычайнай рады Генеральнага сакратарыяту Сінода Біскупаў. Звяртаючыся да прысутных, Пантыфік нагадаў словы Паўла VI, пра тое, што абвяшчэнне Евангелля, гэта “без сумніваў служэнне, якое здзяйсняецца не толькі на карысць хрысціянскай супольнасці, але і чалавецтва”. “Я б хацеў заахвоціць усю касцёльную супольнасць быць евангелізацыйнай, не баяцца “выйсці” па-за свае межы, каб абвяшчаць, перш за ўсё, давяраючы міласэрнай прысутнасці Бога, які нас вядзе. Канешне, тэхнікі з’яўляюцца важнымі, але нават самыя дасканалыя з іх не могуць замяніць стрыманай, але эфектыўнай дзейнасці Таго, хто з’яўляецца асноўным дзеячам евангелізацыі: Святога Духа”, - сказаў Святы Айцец.

Папа нагадаў пра канкрэтныя патрабаванні, якія ставіць перад Касцёлам і яго членамі новая евангелізацыя: перш за ўсё, яны тычацца блізкага супрацоўніцтва з Богам. “Трэба дазволіць Яму весці нас, нават калі павядзе новымі шляхамі, трэба дазволіць Яму перамяніць нас, каб наша абвяшчэнне слова заўсёды суправаджалася прастатой жыцця, духам малітвы, любоўю да ўсіх, асабліва самых малых і бедных, пакорай і адмаўленнем ад сябе, святасцю жыцця. Толькі тады яно будзе па-сапраўднаму плённым!”, - сказаў Пантыфік.

Францішак адзначыў, што высока цэніць працу Сінода Біскупаў, які з’яўляецца “выразам калегіяльнасці”, і нагадаў, што заўсёды з вялікай цікавасцю прымаў удзел у яго пасяджэннях. Таксама Папа падзякаваў удзельнікам асамблеі за прапановы будучых тэм для Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў, прадстаўленыя яму.








All the contents on this site are copyrighted ©.