2013-06-13 13:00:55

Кардынал: Касцёл ачысцяць ад карупцыі Евангелле, адвага, адкрытасць і Дух Пана


RealAudioMP3 Кардынал Луіс Антоніа Гакім Тагле лічыць, што Касцёл, як чалавечая ўстанова, “мае шмат вопыту спакусаў і грахоў”. Менавіта гэта, на думку іерарха, мае на ўвазе папа Францішак, калі кажа пра “карупцыю”. “Мы павінны прызнаць, што гэтыя рэчы ёсць і ў Касцёле, і не з сённяшняга дня”, - заявіў пурпурат. Але ён нагадаў, што Касцёл заўсёды ачышчалі і ачышчаюць “Евангелле, адвага, адкрытасць і Дух Пана”. 56-гадовы арцыбіскуп Манілы, які знаходзіцца зараз з візітам у Рыме, нагадаў, што “мы жывём у свеце, дзе карупцыя прысутнічае ў палітыцы і ў грамадстве”, і нічога дзіўнага, што “нават у Касцёле ёсць такая спакуса”.

Ён назваў актам мужнасці “прызнаць, што хвароба знаходзіцца ў сэрцах людзей, у грамадстве і, на жаль, у Касцёле”. І папа Францішак мае такую мужнасць, заўважыў кардынал і дадаў, што гэта не мужнасць авантурыста, “які хоча рэалізаваць амбіцыі”, але давер да Бога, “Які атрымаў перамогу над злом і грахом свету”. “Карупцыя з’яўляецца спакусай, якая працягвае адмаўляць трыумф Бога”, - заключыў філіпінскі іерарх.

У інтэрв’ю “Corriere della Sera” кардынал выказаў падтрымку ідэі “інтэрнацыяналізацыі” Рымскай курыі, але падкрэсліў, што для яго важна не толькі прысутнасць у ёй людзей з многіх краін, але і іх “ментальная адкрытасць”. З другога боку, мясцовыя Касцёлы, заўважыў іерарх, не павінны баяцца выказваць сябе ці мець комплекс непаўнавартаснасці, бо Каталіцкі Касцёл не будзе поўным без голасу Азіі ці Афрыкі.

Кардынал лічыць, што папа Францішак будзе мець супраціў з розных бакоў. “Той, хто знаходзіцца паміж уладай і выгадай, адхіляе змены. - сказаў арцыбіскуп Манілы - Але Францішак мае вялікую мужнасць. Гэта мужнасць, якая ў Евангеллі належыць самым сціплым і бедным, што спадзяюцца на лепшую будучыню, але не для сябе, а для іншых”, - дадаў філіпінскі іерарх.







All the contents on this site are copyrighted ©.