2013-06-13 11:12:18

Ватыканскі іерарх супраць “агентаў смерці”, якія стварылі індустрыю абортаў


RealAudioMP3 Кардынал Рэйманд Лео Бёрк заклікаў актыўна супрацьстаяць спробам правесці ў многіх краінах заканадаўства, скіраванае супраць жыцця. “Католікі павінны ствараць розныя групы, якія арганізавана ўплывалі б на заканадаўства і павагу з яго боку да годнасці чалавечага жыцця”, - заявіў прэфект Найвышэйшага Трыбуналу Апостальскай Сігнатуры. Ён лічыць, што абаронцы жыцця павінны быць у пастаянным кантакце з заканадаўцамі і асобамі, якія нясуць адказнасць за палітычнае жыццё краіны, з тым, каб эфектыўна садзейнічаць справе жыцця. Іерарх заклікаў усіх, асабліва католікаў, “быць напагатове і прачнуцца супраць сіл смерці” і даць “моцнае сведчанне” аб годнасці чалавечага жыцця.

Кардынал даў інтэрв’ю амерыканскаму “CNA” напярэдадні Міжнароднага дня “Evangelium vitae”, прысвечанаму разважанню пра каштоўнасць і сакральнасць чалавечага жыцця.

Ватыканскі іерарх нагадаў, што “ва ўсіх дэмакратычных краінах людзі маюць права голасу”, і калі яны будуць настойваць на чымсьці, ураду прыйдзецца змяніць сваю пазіцыю. “Калі людзі не настойваюць, калі няма моцнага навучання касцёльных лідэраў і рашучай падтрымкі добрых свецкіх вернікаў, якія ўдзельнічаюць у руху “pro-life”, Касцёл прайграе”, лічыць кардынал.

Сёлетні міжнародны дзень “Evangelium vitae” пройдзе ў Ватыкане 15 і 16 чэрвеня ў рамках Года Веры. 16 чэрвеня раніцай Ппапа Францішак узначаліць Эўхарыстыю на плошчы св. Пятра. А напярэдадні, у суботу раніцай, пройдуць катэхетычныя сустрэчы ў рымскіх парафіях. У 20.30 да галоўнай ватыканскай плошчы накіруецца маўклівае факельнае шэсце, закліканае нагадаць аб недатыкальнасці чалавечага жыцця.

Прэфект Найвышэйшага Трыбуналу Апостальскай Сігнатуры падкрэсліў, што “важна, каб добрыя католікі увайшлі ў палітыку” і выступілі супраць антыгуманнага заканадаўства і падтрымкі на дзяржаўным узроўні “так званых агентаў смерці, якія стварылі абартыўную індустрыю”. Сённяшні чалавек павінен зразумець, лічыць іерарх, “што, калі няма павагі да чалавечага жыцця, то ўсё грамадства зводзіцца да насілля і смерці і яно руйнуе само сябе”.

“Сёння напады на чалавечае жыццё больш сур’ёзныя, чым калі-небудзь”, - заўважыў кардынал Бёрк і дадаў, што культура жыцця, гэта не толькі ідэя католікаў – яна “прапісана ў сэрцах ўсіх”.







All the contents on this site are copyrighted ©.