2013-06-12 14:35:34

Святы Айцец заклікаў не баяцца свабоды


RealAudioMP3 Не баяцца свабоды, якую дае Святы Дух, заклікаў папа Францішак на ранішняй св. Імшы 12 чэрвеня. Папа лічыць, што Касцёл павінен сцерагчыся двух спакусаў: вяртання назад і “падлеткавага прагрэсізму”. Ён звярнуўуся да слоў Езуса: “Не думайце, што Я прыйшоў адмяніць закон”. Святы Айцец адзначыў, што імі Збаўца азнаменаваў надыход новага закона “больш патрабавальнага, чым Майсеевы” і больш сталага. “Час выканання закона, час, калі закон дасягае сваёй сталасці – гэта час калі ён становіцца законам Духа”, - адзначыў Пантыфік, што заўсёды звязана з імкненнем наперад. І гэтаму можа сапутнічаць страх, “страх перад свабодай, якую дае нам Дух”, - сказаў Папа.

Пантыфік адзначыў, што сучасны чалавек адчувае страх перад свабодай. Ён часта застаецца на месцы, не ідзе наперад, толькі таму, што баіцца, думае, што ззаду яго чакае бяспека, а наперадзе рызыка. Некаторыя па гэтай прычыне вяртаюцца назад. Спакуса страху перад свабодай, паводле Францішка, звязана са страхам перад Святым Духам. Каб не баяцца свабоды, трэба давяраць Святому Духу. “Гэты давер да Святога Духа больш патрабавальны, таму што Езус кажа нам: “Бо сапраўды кажу вам: пакуль не праміне неба і зямля, ніводная ёта не знікне з закону”. Сучасны чалавек, які прызвычаіўся панаваць над сітуацыяй, не можа кантраляваць Святога Духа, таму адчувае сябе няўпэўнена. І кантраляваць Яго не трэба, неабходна проста давяраць, звярнуў увагу Папа.

Пантыфік перасцярог хрысціян ад нездаровага энтузіязму, які назваў “падлеткавым прагрэсізмам”. Ён параўнаў такі падыход з машынай, якая слізгаецца па заледзянелай дарозе, пакуль у рэшце рэшт не сыходзіць з яе. “Мы знаходзімся на такім этапе гісторыі Касцёла, калі не можам вярнуцца назад або з’ехаць з дарогі”, - сказаў Францішак. Адзіны шлях сучаснага хрысціяніна, па словах Папы, гэта свабода ў Святым Духу.







All the contents on this site are copyrighted ©.