2013-06-11 12:58:34

Святы Пасад і В’етнам: працяг дыялогу


RealAudioMP3 13-14 чэрвеня ў Ватыкане абудзецца чацвёртая працоўная сустрэча паміж прадстаўнікамі Святога Пасаду і В’етнама. Пра гэта паведаміў 11 чэрвеня кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Паводле яго, сустрэча “паслужыць паглыбленню і развіццю двухбаковых адносінаў паміж В’етнамам і Святым Пасадам”. Езуіт нагадаў, што папярэдняя, трэццяя, працоўная сустрэча паміж прадстаўнікамі Касцёла і гэтай азіяцкай краіны, праходзіла ў лютым 2012 г. у Ханоі. Працоўныя сустрэчы адбываюцца па чарзе – ў Ватыкане і В’етнаме. На адной з іх, у чэрвені 2010 г., было вырашана, што Апостальская Сталіца прызначыць свайго пастаяннага прадстаўніка па адносінах з Сацыялістычнай Рэспублікай В’етнам, які будзе мець сядзібу па-за межамі гэтай краіны. У выніку, 13 студзеня 2011 г. Бэнэдыкт XVI даручыў гэту функцыю арцыбіскупу Леапольду Джырэллі.

В’етнам ніколі ў сваёй гісторыі не падрымліваў поўных адносін з Апостальскай Сталіцай. З 1925 г. у Ханоі існавала Апостальская дэлегатура, якая не мела дыпламатычнага статусу. Пасля таго, як яе супрацоўнікі пад ціскам паўночна-в’етнамскіх камуністычных уладаў вымушаны былі пакінуць Ханой, у 1957 годзе дэлегатура пачала сваю працу на поўдні краіны ў Сайгоне. Пасля заканчэння в’етнамскай вайны і захопу паўднёвага В’етнаму камуністамі дэлегатура на доўгі час пакінула краіну. З 1975 года гэтая ватыканская ўстанова не існавала.








All the contents on this site are copyrighted ©.