2013-06-11 15:12:36

Ватыкан нагадае пра сакральную каштоўнасць чалавечага жыцця


RealAudioMP3 15-16 чэрвеня ў Ватыкане будуць прысвечаны асабліваму разважанню пра каштоўнасць і сакральнасць чалавечага жыцця. У рамках Года веры, тут пройдзе Дзень “Evangelium vitae” (Евангелля жыцця) – свята арганізаванае Папскай радай па новай евангелізацыі, з мэтай супольнага сведчання аб важнасці павагі да жыцця чалавека на ўсіх яго стадыях. Сваёй назвай мерапрыемства абавязана энцыкліке бл. Яна Паўла ІІ напісанай у 1995 г. і прысвечанай гэтай тэме.

Паводле аднаго з арганізатараў форума, старшыні Папскай рады па новай евангелізацыі, арцыбіскупа Рына Фізікелы, Дзень “Evangelium vitae” стане добрай нагодай, каб разам са Святым Айцом паяднацца ў супольным сведчынні ад сакральнай каштоўнасці жыцця: жыцця старых, хворых, паміраючых, яшчэ не народжаных, тых, хто перажывае фізічныя і ментальнымі мукі і пакутуе.

“Мы спадзяёмся што колькасць вернікаў, сабраных на плошчы св. Пятра, будзе настолькі вялікай, што ва ўсім свеце будзе пачута наша адзінгалоснае сведчанне пра сапраўднае сэрца адкупленчай місіі Езуса: “Я прыйшоў, каб вы мелі жыццё і мелі ў дастатку”, - сказаў іерарх.

У рамках святкання Дня “Evangelium vitae” адбудзецца працэсія ад Замка святога Анёла да ватыканскай базыліцы, якая закончыцца вызнаннем веры на розных мовах; у розных частках Рыма пройдуць катэхезы на тэму сакральнасці чалавечага жыцця; кульмінацыяй падзеі стане Эўхарыстыя з Пантыфікам на плошчы св. Пятра, у нядзелю 16 чэрвеня.








All the contents on this site are copyrighted ©.