2013-06-10 12:01:11

Францішак: шукаць суцяшэння Бога, а не свету


RealAudioMP3 “Збаўленне ў тым, каб жыць суцяшаючыся Святым Духам, а не духам гэтага свету”, - падкрэсліў папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 10 чэрвеня. На пачатку сваёй гаміліі Пантыфік звярнуў увагу на тое, што св. Павел, у Другім Пасланні да Карынцянаў, шмат разоў выкарыстоўваў слова “суцяшэнне” ў дачыненні да супольнасці першых хрысціян. Паводле Святога Айца менавіта суцяшэнне, якое яны атрымалі ад Бога было прычынай іх навяртання. “Суцяшэнне – гэта прысутнасць Бога ў нашым сэрцы”, таму “трэба трымаць сэрцы адкрытымі”, - падкрэсліў Папа. “Збаўленне ў тым, каб жыць суцяшэннем Святога Духа, а не суцяшэннем гэтага свету, бо ў апошнім – не збаўленне, а грэх. (...) Нельга весці перамовы – немнога тут, немнога там. Нібыта рабіць фруктовы мікс. Немнога Святога Духа, немнога духа свету. Не. Ці адно, ці іншае”, - сказаў Папа. Святы Айцец адзначыў, што толькі калі будзем адкрытымі на Духа Пана пачнем разумець сэнс благаслаўленняў, пра якія ішла гаворка ў сённяшнім Евангеллі.

“Гэта новыя запаведзі. Але калі не маем адкрытага на Святога Духа сэрца, яны нам будуць здавацца шакуючымі. “Глядзі: ведзь беднасць, пакорнасць, міласэрнасць здаецца не вядуць да поспеху”. Калі не маем адкрытага сэрца і не зведалі смаку суцяшэння Святога Духа (...), не зразумеем гэтага. (...) Гэта закон свабодных свабодай Святога Духа”, - падкрэсліў Папа.

Паводле Францішка, можна “рэгуляваць сваё жыццё, сістэматызаваць спісам запаведзяў і прадпісанняў”, але гэта будзе “выключна чалавечы” спіс, які “не вядзе да збаўлення”, бо да яго можна прыйсці толькі маючы адкрытае на Бога сэрца.

Святы Айцец адзначыў, што многія людзі, закрываюць свае сэрцы з-за страху аддаць Богу ўсё і жадання самім кіраваць сваім жыццём. У сувязі з гэтым ён заклікаў у малітве прасіць Бога аб ласцы адрытага сэрца і суцяшэння, якое паходзіць менавіта ад Святога Духа.








All the contents on this site are copyrighted ©.