2013-06-10 14:19:07

Ватыкан: у чаканні візіта кіраўніка Англіканскай Царквы


RealAudioMP3 На асаблівасці сустрэчы папы Францішка і архіепіскапа Кентэрберыйскага Джасціна Уэлбі, якая адбудзецца 14 чэрвеня ў Ватыкане, звярнуў увагу адказны за адносіны з англіканамі пры Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кс. прэлат Марк Лангхам. Святар падкрэліў, што гэта будзе першы візіт у Рым новаабранага кіраўніка Англіканскай Царквы і менавіта па ініцыятыве апошняга у праграму візіта была ўключана малітва каля магілаў апостала Пятра і бл. Яна Паўла ІІ. Акрамя таго, кс. Лангхам звярнуў увагу на рысы, якія аб’ядноўваюць англіканскага лідэра і кіраўніка Каталіцкага Касцёла.

“Мяне па-сапраўднаму ўразіла тое, што архіепіскап і Святы Айцец маюць асаблівую зацікаўленасць і моцную ўвагу да бедных і маргіналізаваных – тых, хто мае патрэбу ў дапамозе Касцёла. Для іх, місія Касцёла, перш за ўсё заключаецца ў тым, каб ісці на перыферыі, да бедных людзей, змяняць іх жыццё. Для іх вера – гэта не толькі прыватная рэч, але тое, што павінна змяніць свет і грамадства”, - сказаў супрацоўнік ватыканскай дыкастэрыі.

Кс. Лангхам нагадаў, што архіепіскап Уэлбі мае вялікі досвед у эканоміцы, бо сам працаваў у банкаўскай сістэме ў Лондане. “Такім чынам, яго інтэрэсы сканцэнтраваны па-сутнасці на справядлівасці ў свеце фінансаў. Я думаю, гэта вялікія тэмы і аргументы, якія іх аб’ядноўваюць”, - сказаў святар.








All the contents on this site are copyrighted ©.