2013-06-08 12:25:17

Францішак: глядзець на жыццёвыя сітуацыі праз прызму Божага Слова


RealAudioMP3 Вучыцца ад Панны Марыі, як прымаць і захоўваць Слова Божае, заклікаў папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марыі 8 чэрвеня. Разам са Святым Айцом у ёй прынялі ўдзел супрацоўнікі каталіцкай дабрачыннай арганізацыі “Caritas Internationalis”. У гаміліі, прымеркаванай да ўспаміну Беззаганага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі, які адзначаецца ў Касцёле сёння, Святы Айцец нагадаў, што Маці Божая з’яўляецца прыкладам “захавання” Божага Слова, бо глядзела на сваё жыццё менавіта праз яго прызму. “Захоўваць Слова Божае: што значыць гэта? Я прымаю слова, бяру бутэльку, закрываю яго там і захоўваю? Не. Захоўваць Слова Божае азначае, што наша сэрца становіцца адкрытым на яго, як зямля, якая адкрываецца, каб прыняць зерне. Слова Божае – гэта зерне, якое трэба сеяць. Езус казаў нам, што здараецца з зернем: некаторыя падаюць пры дарозе, прылятаюць птушкі і з’ядаюць іх. Гэта пра слова незахаванае, пра сэрцы няздольныя прымаць яго”, - адзначыў Пантыфік.

Папа нагадаў, словы Езуса пра тое, што адной з прычын няздольнасці захавання Божага Слова з’яўляецца непастаянства: калі надыходзяць хваляванні – некаторыя забываюць пра яго. Таксама перашкодамі могуць быць “церні” у якія яно падае, напрыклад прывязанасць да багаццяў ці парокаў. Такім чынам “захоўваць Божае Слова азначае параўноўваць, што яно кажа нам з тым, што здараецца ў нашым жыцці”, - сказаў Папа і дадаў, што менавіта так жыла Марыя – “разважала і параўноўвала”. “Гэта вялікая духоўная праца”, - сказаў ён.

“Захоўванне Слова Божага адбываецца дзякуючы гэтай працы: пошуку значэння таго ці іншага моманту, таго, што мне хоча сказаць Пан у гэты момант, як зразумець гэту сітуацыю ў параўнанні з Божым Словам. Чытаць жыццё праз Божае Слова – гэта значыць захоўваць”, - адзначыў Святы Айцец.

Пантыфік заклікаў кожнага паразважаць: ці пытаюся ў сябе, пра значэнне сітуацый, якія Бог стварае ў маім жыцці? Ён падкрэсліў, што Слова Божае з’яўляецца “пасланнем, якое Бог нам скіроўвае ў кожны момант”.








All the contents on this site are copyrighted ©.