2013-06-08 13:50:48

Францыя: закончыўся чарговы этап “Падворку язычнікаў”


RealAudioMP3 8 чэрвеня ў французскім Марсэле закончыўся чарговы этап ініцыятывы Папскай рады па культуры “Падворак язычнікаў” – мерапрыемства на якім веруючыя і няверуючыя інтэлектуалы супольна абмяркоўваць актуальныя грамадскія, культурныя і філасофскія праблемы. На працягу пяці дзён яны разважалі на тэму “Гуманізм і рэлігія”, а ў якасці асновы для дыскусій узялі творчаць двух філосафаў, Альбера Камю і Поля Рыкёра. Паводле арганізатараў сустрэчы, гэтыя аўтары, з рознымі жыццёвымі шляхамі і поглядамі, блізкія тым, што змаглі стварыць сапраўдны фундамент для рацыянальнага супрацьстаяння розным формам нігілістычнага таталітарызма, якія пагражаюць чалавеку.

Старшыня Папскай рада па культуры, кардынал Джанфранка Равазі, падчас аднаго са сваіх выступленняў, вылучыў “сляды трасцэндэнтнасці” у працы Камю “Чума”, якія на першы погляд застаюцца незаўважнымі і назваў яго “ідэальным прадстаўніком сапраўднага атэізма, глыбокага і духоўнага, а таксама заклапочанага будучыняй чалавека”.

7 чэрвеня ўдзельнікі марсэльскага “Падворку язычнікаў”, прынялі удзел у цырымоніі абнаўлення прысвячэння Марсэля Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса – акту, які штогадова здзейсняецца з 1720 г. Менавіта тады, у час вялікай эпідэміі чумы, па ініцыятыве мясцовых ўладаў, Марсэль упершыню быў давераны Сэрцу Пана. Паводле Апостальскага нунцыя ў Францыі, арцыбіскупа Луіджы Вентуры, гэты акт нагадвае пра каталіцкія карані горада і культу Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў краіне. Акрамя таго, ён адзначыў, што падзея, яднае ў сябе дзве душы: рэлігійную і свецкую, бо па-традыцыі свечы для кансэкрацыі, ахвяруе мясцовая гандлёва-прамысловая палата.

“Падворак язычнікаў” праходзіў у Францыі другі раз. Менавіта з Парыжа, у маі 2011 г. гэта ініцыятыва пачала шэсце па планеце.








All the contents on this site are copyrighted ©.