2013-06-08 12:13:46

Папа да Прэзідэнта Італіі: італьянцы дазволілі мне адчуць сябе зноў дома


RealAudioMP3 8 чэрвеня папа Францішак сустрэўся з Прэзідэнтам Італьянскай Рэспублікі Джорджа Напалітана, які прыбыў у Ватыкан са сваім першым афіцыйным візітам. Палітыка суправаджалі міністр замежных спраў Эмма Баніні і пасол Італіі пры Апостальскай Сталіцы Франчэска Марыя Грэка. Пасля абмену падарункамі і прыватнай размовы ў бібліятэцы Апостальскага палаца, Папа звярнуўся да прысутных з прамовай. Ён падкрэсліў, што візіт кіраўніка Італіянскай дзяржавы пацвярджае выдатныя адносіны паміж Італіяй і Святым Пасадам і нагадвае вобраз двух пагоркаў – Квірынале (на якім размяшчаецца Прэзідэнцкі палац) і Ватыкана, “якія глядзяць адно на аднаго з павагай і сімпатыяй”. Святы Айцец, між іншым, казаў пра пагрозы, якія існуюць у свеце для рэлігійнай свабоды. “У сённяшнім свеце рэлігійная свабода часцей абвяшчаецца, чым рэалізуецца. Яна, па-сапраўднаму, падвергнута пагрозам рознага тыпу і не рэдка парушаецца. Цяжкія нападкі на гэта першаснае права з’яўляюцца прычынай для сур’ёзнага хвалявання і павінны выклікаць адзінадушную рэакцыю краін свету, у выглядзе сцвярджэння, насуперак нападкам, недакранальнасці годнасці чалавечай асобы”, - сказаў Папа.

Перад абліччам крызіса, які перажывае свет, Папа звярнуў увагу на важную ролю католікаў ў палітычнай сферы, а таксама супрацоўніцтва паміж веруючымі і няверуючымі на карысць больш справядлівых грамадстваў.

“Шмат разоў Бэнэдыкт XVI казаў, што сучасны крызіс павінен стаць нагодай для братэрскага абнаўлення чалавечых адносінаў. Таксама і італьянскі народ, з даверам і крэатыўнасцю, натхняючыся сваёй багатай хрысціянскай традыцыяй і прыкладам сваіх святых апекуноў, такіх як св. Францішак з Асізі ці Катарына з Сіены, шматлікіх святароў і свецкіх, маўклівым сведчаннем многіх жанчын і мужчын, можа і павінен перамагчы любыя падзелы і ўзрастаць у справядлівасці і супакоі, працягваючы выконваць сваю асаблівую ролю ў еўрапейскім кантэксце і ўсёй сям’і народаў”, - сказаў Папа.

Францішак выразіў Джорджа Напалітана падзяку за візіт і цёплы прыём, які аказалі яму італьянцы пасля абрання на Пасад св. Пятра. “Яны мне дазволілі зноў адчуць сябе дома! Няхай Італія, будзе гасцінным домам для ўсіх”, - сказаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.