Дыялог паміж Апостальскай
Сталіцай і Ізраілем ідзе ў добрым накірунку і існуе вялікая надзея, што ў хуткім часе
ён наблізіцца да канчатковай мэты, так пракаментаваў вынікі перамоў двухбаковай пастаяннай
рабочай камісіі паміж Святым Пасадам і Ізраілем, кіраўнік Залы Друку Апостальскай
Сталіцы, кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Святар паінфармаваў, што папа Францішак сустрэўся
з ізраільскай дэлегацыяй на чале з Зеэвам Элькіным, намеснікам міністра замежных спраў,
які запрасіў Пантыфіка наведаць яго краіну. “Папа Францішак выказаў вялікае жаданне
прыбыць у Святую Зямлю, але аб даце магчымага візіту яшчэ нічога не вядома”, - паведаміў
кс. Ламбардзі. 6 чэрвеня Зала Друку Апостальскай Сталіцы ў сваім спецыяльным паведамленні
адзначыла, што перамовы паміж Святым Пасадам і Ізраілем прайшлі ў канструктыўнай і
станоўчай атмасферы. “Рабочая камісія дабілася значнага прагрэсу ва ўзаемных перамовах,
і абодва бакі дамовіліся вырашыць спрэчныя пытанні ў найбліжэйшы час”, - адзначаецца
ў паведамленні.
Трэба нагадаць, што перамовы датычаць маёмасных пытанняў і
вызвалення ад падатку працуючых на тэрыторыі Ізраіля каталіцкіх некамерцыйных арганізацый.