2013-06-06 12:54:30

Францішак да будучых дыпламатаў: ваша праца можа быць шляхам да святасці


RealAudioMP3 Штодзённая праца папскага дыпламатычнага прадстаўніка можа стаць для яго “трэніровачнай залай святасці”, лічыць Святы Айцец. 6 чэрвеня Пантыфік прыняў на аўдыенцыі навучэнцаў і выкладчыкаў Папскай касцёльнай акадэміі – установы, якая рыхтуе дыпламатаў Апостальскай Сталіцы. Звяртаючыся да іх, Папа сказаў, што “служэнне папскіх прадстаўнікоў, як і любое іншае святарскае служэнне, патрабуе вялікай унутранай свабоды”. “Але што значыць – мець унутраную свабоду?”, - спытаў ён. “Перш за ўсё азначае быць свабоднымі ад асабістых планаў: ад пэўных канкрэтных задум, з якімі вы, магчыма, некалі думалі пражыць ваша святарства, ад магчымасці праграмаваць будучыню, ад перспектывы надоўга заставацца на “вашым” месцы ў душпастырскай дзенайсці”, - сказаў Папа. Святы Айцец таксама падкрэсліў, што ўнутраная свабода можа быць звязана са свабодай ад сваёй роднай культуры і ментальнасці, не для таго, каб забыцца пра яе, але, каб адкрыцца ў любові на разуменне розных культур і сустрэчу з людзьмі, які належаць да іншых, нават самых далёкіх светаў.

Папа адзначыў, што быць унутрана свабодным, азначае таксама быць свабодным ад уласных амбіцый і мараў. Паводле яго, на першае месца трэба ставіць не ўласную самарэалізацыю, ці імкненне да прызнання ўнутры касцёльнай супольнасці, але “найвышэйшае евангельскае дабро і спаўненне даверанай місіі”.

“Адным словам, служэнне да якога вы рыхтуецеся, патрабуе ад вас выйсця па-за сябе, адмаўленне ад сябе, якое можа быць дасягнута выключна праз насычаны духоўны шлях і сур’ёзнае злучэнне жыцця з таямніцай любові Божай і неспасцігальным планам яго паклікання”, - падкрэсліў Папа.

Францішак нагадаў пра прыклад папы Яна ХХІІІ, для якога менавіта дыпламатычная служба стала месцам, “дзе сфарміравалася яго святасць”. Ён адзначыў, што “Добры Папа” заўсёды клапаціўся аб сваёй душы, у кантэксце самых розных касцёльных і палітычных абавязкаў. “Адсюль нарадзілася яго ўнутраная свабода, радасць, якая праяўлялася знешне, і сама эфектыўнасць яго душпастрыскай і дыпламатычнай дзейнасці”, - падкрэсліў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.