2013-06-06 12:05:06

Апостальская Сталіца стаіць на баку эмігрантаў і бежанцаў


RealAudioMP3 6 чэрвеня ў Ватыкане адбылася прэзентацыя сумеснага дакументу Папскай рады пастырства мігрантаў і падарожнікаў і Папскай рады “Cor unum” на тэму бежанцаў і прымусовых мігрантаў. Гаворка ў ім ідзе ў першую чаргу пра ахвяр ваенных канфліктаў, прыродных катаклізмаў, гандлю людзьмі і прымусовай працы. На сённяшні дзень у свеце да такіх людзей адносяцца каля 100 млн. чалавек, і ўсе яны патрабуюць розных форм абароны. У сувязі з гэтым, Апостальская Сталіца робіць шэраг прапаноў, якія тычацца больш эфектыўнага міжнароднага супрацоўніцтва на карысць бедных краін, арганізаванай дапамогі ахвярам войнаў і катаклізмаў, а таксама спрыяння інтэграцыі бежанцаў у новыя грамадствы і дапамогі ў добраахвотным вяртанні на Радзіму.

Паводле старшыні Папскай рады пастырства мігрантаў і падарожнікаў, кардынала Антоніа Марыі Вэльё, нягледзячы на існаванне Канвенцыі аб статусе бежанцаў, прынятай яшчэ ў 1951 г., многія краіны не паважаюць іх правы, што прыводзіць да ўзнікнення новых складаных сітуацый. На яго думку, працэдуры прыняцця бежанцаў павінны быць спрошчаны, а закрыццё межаў з’яўляецца “непрымальным адказам” на праблему вымушанай міграцыі. Іерарх адзначыў, што абмежаванне доступу мігрантаў на тэрыторыю еўрапейскіх краін прывяло да павелічэння нелегальнага перамяшчэння, звязанага з рызыкай для жыцця людзей.

Кардынал Вэльё нагадаў таксама, што Святы Пасад намагаецца роўнага ўдзелу усіх слаёў насельніцтва ў жыцці грамадстваў, павелічэння выдаткаў на сацыяльныя праграмы, скасавання пазыкаў бедных краін і рэфармавання міжнароднай фінансавай сістэмы на іх карысць, барацьбы з карупцыяй, паменьшэння ваенных расходаў, больш шырокага доступу да лекаў ад СНІДу, туберкулёзу, малярыі і трапічных хвароб.








All the contents on this site are copyrighted ©.