2013-06-05 11:19:15

Экалогія чалавека і экалогія навакольнага асяроддзя ідуць побач


RealAudioMP3 “Выкінутая ежа, становіцца нібыта скрадзенай са стала бедных, тых, хто адчувае голад”, лічыць папа Францішак. Сваю катэхезу падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 5 чэрвеня ён прысвяціў праблемам экалогіі і прымеркаваў яе да Сусветнага дня навакольнага асяроддзя, які адзначаецца сёння па ініцыятыве ААН. Святы Айцец прызнаўся, што думаючы пра экалогію, у першую чаргу ўзгадвае першыя старонкі Бібліі, дзе гаворыцца аб стварэнні зямлі, якую Бог затым даверыў чалавеку, каб той “апрацоўваў і захоўваў яе”. Пантыфік спытаў: ці сапраўды мы апрацоўваем і захоўваем стварэнне? Ці можа наадварот – эксплуатуем і пагарджаем ім? “Дзеяслоў “апрацоўваць” у мяне атаясамліваецца з клопатам селяніна аб сваёй зямлі, каб яна прыносіла плёны, якімі потым можна дзяліцца: колькі ўвагі, любові і адданасці! Апрацоўваць і захоўваць стварэнне, гэта загад, які Бог даў не толькі на пачатку гісторыі, але кожнаму з нас, гэта частка Яго плану – з адказнасцю дапамагаць узрастаць свету, змяняючы яго ў сад – месца прыдатнае для жыцця ўсіх”, - сказаў Папа.

Францішак з жалем адзначыў, што сёння чалавек адносіцца да прыроды, кіруючыся імкненнем да панавання, валодання, маніпулявання, эксплуатацыі. “Мы губляем здольнасць здзіўляцца, сузіраць, слухаць стварэнне, і такім чынам не можам бачыць тое, што Бэнэдыкт XVI называў “рытмам гісторыі любові Бога да чалавека”, - адзначыў Папа і дадаў, што гэта адбываецца з прычыны “гарызантальнага спосабу жыцця, аддалення ад Бога і няўмення чытаць Яго знакі”.

Паводле Святога Айца, заклік “апрацоўваць і захоўваць” тычыцца не толькі адносін паміж намі і прыродай, але і адносін міжчалавечых. Ён нагадаў, што многія пантыфікі казалі пра неабходнасць аховы “экалогіі чалавека”. “Чалавек знаходзіцца ў небяспецы (…): гэта тэрміновасць чалавечай экалогіі! І небяспека гэта вялікая, таму што прычына праблемы не павярхоўная, але глыбокая: яна не толькі ў пытанні эканомікі, але і этыкі з антрапалогіяй. Касцёл гэта падкрэсліваў шмат разоў, і многія казалі: так, правільна, сапраўды... але сістэма працягвае дзейнічаць, як і раней, таму што дамінуе дынаміка эканомікі і фінансаў, пазбаўленая этыкі. Гэта не чалавек кіруе сёння, а грошы (...).Так мужчыны і жанчыны ахвяруюцца ідалам прыбытку і спажывецтва: гэта “культура адходаў”. Калі ламаецца кампутар – гэта трагедыя; але беднасць, патрэбы, драмы многіх людзей у канцы канцоў становяцца нечым нармальным”, - адзначыў Пантыфік.

Францішак падкрэсліў, што калі ад холада і голада паміраюць тысячы дзяцей – гэта сучаснаму свету здаецца нармальным, “не з’яўляецца навінай”, але калі на дзесяць пунктаў падае курс на біржы, гэта ўжо трагедыя. “Так людзі ператвараюцца ў адходы, мы – асобы, становімся адходамі, нібыта мы смецце”, - сказаў з жалем Святы Айцец.

Паводле Папы, “культура адходаў” спрабуе стаць агульнай ментальнасцю, якая “заражае усіх”. Яна заключаецца ў тым, што чалавечае жыццё, сам чалавек, не лічыцца больш галоўнай каштоўнасцю, якую трэба паважаць і клапаціцца. Тут асабліва гаворка ідзе пра бедных, інвалідаў і састарэлых. Францішак адзначыў, што “культура адходаў” праяўляецца таксама праз неразумнае выкарыстанне вялікай колькасці прадуктаў харчавання.

“Будзем жа добра памятаць, што выкінутая ежа, становіцца нібыта скрадзенай са стала бедных, тых, хто адчувае голад. Заклікаю ўсіх падумаць над праблемай марнавання і неразумнага выкарыстання ежы, каб вызначыць шляхі і спосабы, якія пасля сур’ёзнага вырашэння гэтай праблемы прывядуць да стварэння сувязяў салідарнасці і дзялення з найбольш патрабуючымі”, - заклікаў Пантыфік.

Францішак нагадаў евангельскую прыпавесць пра памнажэнне хлябоў, напрыканцы якой сцвярджаецца, што “елі і насыціліся усе, а рэшты кавалкаў было сабрана дванаццаць кашоў”.“Езус просіць вучняў, каб нічога не было змарнавана: не было ніякіх адходаў!”, - заўважыў Святы Айцец і дадаў,
што лічба дванаццаць была абрана евангелістам невыпадкова, яна азначае дванаццаць плямёнаў Ізраіля, якія сімвалічна прадстаўляюць ўсё чалавецтва. “Гэта сведчыць аб тым, што калі ежа дзеліцца па-роўну, з салідарнасцю, ніхто не застаецца ў патрэбе. (...) Экалогія чалавека і экалогія навакольнага асяроддзя ідуць побач”, - падкрэсліў Папа.

Напрыканцы агульнай аўдыенцыі Францішак звярнуўся да моладзі, якой нагадаў, што чэрвень у Касцёле прысвечаны ўшанаванню Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Папа заклікаў маладых людзей, вучыцца ад Збаўцы таму, як трэба любіць і быць любімымі.








All the contents on this site are copyrighted ©.