2013-06-05 11:46:38

Ватыканскі іерарх да семінарыстаў: Касцёл не патрабуе абы-якіх святароў


RealAudioMP3 Семінарыстам прысвяціў свой ліст на Сусветны дзень малітвы аб асвячэнні святароў, які адзначаецца штогод ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, кардынал Маўра Пьячэнца, прэфект Кангрэгацыі па справах Духавенства. Для таго, каб быць добрым святаром заўтра, трэба рыхтаваць сябе сёння, адзначыў іерарх, падкрэсліваючы важнасць часу знаходжання ў духоўнай семінарыі. Будучы святар, нагадаў ён, не можа не прымаць “духоўнай радасці цяжару святарскага крыжа”, што непасрэдна звязана з адрачэннем ад сябе і служэннем іншым. Пастаянную маладосць святарскага духу, трыванне ў пакліканні, можа гарантаваць малітва і стан “унутранай цішыні”, адзначыў ватыканскі іерарх і дадаў, што гэта не мае нічога супольнага з закрытасцю ў сабе, наадварот, звязана з адкрыццём сэрца на заклікі Бога.


“Касцёл, вядома, мае патрэбу ў святарах, але не абы-якіх святарах!”, - падкрэсліў кардынал-прэфект. Асоб, адказных за семінарыйную фармацыю, ён перасцярог ад прыняцця паспешных рашэнняў адносна святарскіх пасвячэнняў. “Там, дзе ёсць сумненні, лепш не спяшацца, але даць адпаведную ацэнку, якая не выключае звальнення тых кандыдатаў, якія не ў стане забяспечыць дастатковых гарантый”, - напісаў кардынал Пьячэнца.

Іерарх даверыў усіх семінарыстаў заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Юзафа і падкрэсліў, што матывам напісання гэтага ліста быў духоўны і пастырскі клопат аб падрастаючым пакаленні святароў.







All the contents on this site are copyrighted ©.