2013-06-04 09:16:10

Францішак: евангельская паслухмянасць – крыніца дабрыні і святасці Яна ХХІІІ


RealAudioMP3 У евангельскай паслухмянасці Яна ХХІІІ – крыніца яго дабрыні, супакою і святасці. На гэта звярнуў увагу папа Францішак 3 чэрвеня, звяртаючыся да ўдзельнікаў пілігрымкі з італьянскага Бергамо, радзімы “Добрага Папы”, якія прыбылі у базыліку св. Пятра з нагоды 50-годдзя з дня яго смерці. Святы Айцец нагадаў, што біскупскім дэвізам Яна ХХІІІ былі словы “Oboedientia et pax” (Паслухмянасць і супакой). Гэтыя словы, паводле Францішка, цудоўна характарызуюць усё жыццё яго славытага папярэдніка на Пасадзе св. Пятра. Пантыфік расказаў, што Ян ХХІІІ вядомы як “Папа супакою”. Ён, “быў здольны перадаваць супакой, таму што меў душу глыбока напоўненую мірам, што з’яўляецца плёнам доўгай і цяжкай працы над самім сабой”, - сказаў Святы Айцец. Іншым шляхам да супакою Францішак назваў пакору “Добрага Папы” – ён выконваў служэнне ў Касцёле “не шукаючы нічога для сябе”. Акрамя таго, Ян ХХІІІ глыбока наследаваў словы Хрыста: “Хто загубіць сваё жыццё дзеля Мяне, той уратуе яго”. “У гэтым сапраўдная крыніца дабрыні папы Яна, супакою, які ён распаўсюджваў па свеце, тут карані яго святасці – у гэтай евангельскай паслухмянасці”, - сказаў Францішак.

Паводле Святога Айца, гэтыя рысы “Добрага Папы” з’яўляюцца павучальнымі для кожнага з нас. “Калі дазволім Святому Духу весці нас, калі здолеем умярцвіць наш эгаізм, каб даць месца любові Пана і Яго волі, тады знойдзем супакой, зможам быць яго будаўнікамі і здолеем распаўсюджваць яго вакол нас”, - адзначыў Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.