2013-06-03 13:13:58

Францішак: “сапсутыя” хрысціяне прыносяць шмат зла Касцёлу


RealAudioMP3 Грэшнікі, святыя і “сапсутыя” – гэтыя тры катэгорыі вернікаў вылучыў папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 3 чэрвеня. Святы Айцец падкрэсліў, што кожны з нас “знутры” ведае, што значыць быць грэшнікам. Тым, хто аспрэчвае сваю грэшнасць Пантыфік параіў “звярнуцца да духоўнага ўрача”. На яго думку, у такіх вернікаў “нешта не ў парадку”. Святы Айцец падкрэсліў, што евангельская прыпавесць пра вінаграднік, прызначаная Касцёлам для сённяшняй Літургіі слова, кажа пра іншую катэгорыю людзей – тых, “якія хочуць авалодаць вінаграднікам і парвалі адносіны з яго Гаспадаром”, якія “адчулі сябе моцнымі і аўтаномнымі ў дачыненні да Бога”. “Яны паступова прыйшлі да гэтай аўтаноміі, аўтаноміі ў адносінах з Богам: “Мы не маем патрэбы ў гэтым Гаспадары, і не прыходзьце турбаваць нас”. І так жывуць з гэтым. Гэта – “сапсутыя”. Тыя, якія былі грэшнікамі, як усе мы, але зрабілі яшчэ адзін крок далей – нібыта кансалідаваліся з грахом: Бог стаў ім непатрэбны. Але гэта ім толькі здаецца, таму што патрэба ў адносінах з Богам прапісана ў іх генэтычным кодзе. Паколькі яны не маглі гэтага адмовіць – стварылі сабе адмысловага бажка: бажка з саміх сябе. Такія яны – “сапсутыя”, - адзначыў
Папа.

Паводле Францішка, такі аўтаномны ад Бога шлях з’яўляецца вельмі небяспечным. “Сапсутыя” забыліся пра любоў, з якой Бог стварыў вінаграднік і іх саміх. Яны парвалі адносіны з гэтай любоўю! Сталі пакланяцца самім сабе”, - сказаў Пантыфік і дадаў, што “сапсутыя” наносяць вялікую шкоду хрысціянскім супольнасцям.У якасці супрацьлегласці ім ў Касцёле існуюць святыя, адзначыў Папа і нагадаў, што сёння адзначаецца 50-годдзе з дня смерці Яна ХХІІІ – “прыкладу святасці”. Паводле Францішка, святыя, гэта тыя людзі, якія “арэндуюць вінаграднік” – паслухмяныя Гаспадару, ведаюць, што павінны рабіць і выконваюць свае абавязкі. “Святы з’яўляюцца святлом свету”, - сказаў Папа і заклікаў маліцца аб ласцы ісці шляхам святасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.