2013-06-03 10:22:38

Малітва са Святым Айцом звязала ўсе касцёлы Беларусі


RealAudioMP3 Упершыню ў гісторыі Касцёла ў Беларусі адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту звязала ўсе касцёлы краіны. Па запрашэнні папы Францішка, які заклікаў усе Касцёлы свету адначасова аб’яднацца ў малітоўным чуванні, яна прайшла тут у нядзелю 2 чэрвеня. Таксама ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі на малітву разам сабраліся святары і вернікі. Заўсёды, ва ўсе часы, Пантыфікі заклікаюць да малітвы – адзначыў кс. Кірыл Бардонаў, сакратар курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі – аднак гэта падзея выключная.

“Заўсёды ёсць папскія інтэнцыі, якія аб’яўляюцца на кожны месяц, аднак, упершыню гэта арганізавана такім чынам: выбраны спецыяльны дзень і адмысловая форма, а таксама інтэнцыі менавіта на гэты дзень. Форма – выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і яго адарацыя. І гэты дзень адзіны для ўсіх катэдральных касцёлаў, а ў некаторых дыяцэзіях і парафіяльных касцёлаў, як гэта адбылося ў Беларусі”, - сказаў святар.

Папа Францішак акрэсліў дзве інтэнцыі гэтай малітвы: за еднасць Касцёла і за патрабуючых – а гэта ахвяры войнаў, гандлю людзьмі, наркотыкаў і рабскай працы, за дзяцей і жанчын, церпячых розныя формы насілля. Гэтыя тэмы блізкія як Пантыфіку, так і кожнаму верніку, упэўнены кс. Кірыл. “Прагнем маліцца, каб ва ўсім Касцёле праяўлялася еднасць, еднасць са Святым Айцом, а ў першую чаргу з Богам, які застаўся з намі ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Гэта вельмі важна – чалавек адчувае, што ён не адзін у сваёй веры, ёсць яшчэ мільёны тых, хто моліцца ў той жа дзень, ёсць такія ж людзі, якія ідуць да Бога, можа з перашкодамі, але мы ахвяруем гэтыя перашкоды Хрысту. А Ён прыйшоў для грэшнікаў, для нас, для кожнага з нас”, - адзначыў ён.

Беларускія іерархі, запрашаючы вернікаў прыняць удзел у “сусветнай адарацыі”, выказалі надзею, што гэта малітоўнае ўшанаванне Найсвяйцейшага Сакрамэнту паспрыяе адзінству ўсяго Касцёла і развіццю культу Эўхарыстыі.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.