2013-06-02 14:41:03

Беларусь: вялікае падарожжа Малой Тэрэзы


RealAudioMP3 “Пасля смерці я пралью дождж з пялёсткаў руж” – сказала св. Тэрэза з Лізьё яшчэ напрыканцы ХІХ стагоддзя. А напярэданні, 1 чэрвеня 2013 г., менавіта так і адбылося, шлях рэліквій Святой быў ўсыпаны пялёсткамі руж. Упершыню з Францыі ў Беларусь прыбыла адна з найвялікшых святынь каталіцкага свету. Драўляную раку з рэліквіямі св. Тэрэзы ўрачыста сустракалі ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Святары, прадстаўнікі манаскіх кангрэгацый, вернікі, шмат з якіх не маглі стрымаць слёзы. Рэліквіі ўжо пабывалі ў 75 краінах свету, Беларусь стала 76. А ці ёсць яшчэ святыні, якія здейснілі столькі падарожжаў, невядома, адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. “Вельмі важна, што сёння, у час секулярызацыі, у час адыходу ад веры, св. Тэрэза прапануе свой шлях да святасці, так званы малы шлях да святасці: малымі крокамі, малой справай – даверся Богу, стань як дзяця, кінься ў абдымкі Богу, як дзяця кідаецца да сваёй маці ці бацькі. Мы аб гэтым забыліся, таму што чытаем тэалагічныя кнігі, разважанні, а сучаснаму чалавеку трэба звярнуць увагу на гэты шлях і прыняць яго ў сваім жыцці”, - лічыць іерарх.

Сама св. Тэрэза так і тлумачыла сваю духоўную праграму – заставацца дзецьмі незалежна ад узросту, не прыпісваць сабе добрых спраў і не хвалявацца, калі падаешь – бо дзеці ж малыя і не могуць моцна ўпасці. Яе так і назвалі Святой Тэрэзай Малой – за кароткае жыццё (яна пайшла ў кляштар маючы 15 гадоў, а памерла ў 24) і малы шлях да святасці. Пры жыцці сястра Тэрэза не стала вядомай, яна не здейсніла цудаў і не напісала вялікіх тэалагічных прац, яе “адкрылі”, калі яе думкі, запісаныя старанна ў дзённік, былі апублікаваны. І многім тады адкрылася, што святасць можа быць дзіцячай казкай – сціплай і пераканаўчай адначасова, якую разумее і малы, і дарослы. Дзмітрый Крывенькі прачытаў “Гісторыю адной душы” – дзённік св. Тэрэзы – у 12 гадоў, і з тых пор яна стала для парафіяніна прыкладам. “Я знайшоў у гэтай кнізе крыніцу для сваёй душы. Гэта прыклад жыцця, якога павінен прытрымлівацца кожны хрысціянін. Сваім жыццём яна несла міласэрнасць, бо сапраўды ўсё рабіла для ўсіх людзей, чаго нам не хапае”, - падзяліўся Дзьмітрый.

Св. Тэрэза ў 1923 г. была абвешчана благаслаўлёнай і праз два гады – святой. А ў 1997 г. папа Ян Павел II надаў ёй тытул Доктара Паўсюднага Касцёла. Яна стала самым малодшым Доктарам Касцёла ў гісторыі і чацвёртай жанчынай, якая атрымала гэты тытул. Любоў да Святой ужо назвалі феноменам – разам са св. Францішкам яна адзіная каталіцкая святая, якую ўшаноўваюць ва Усходніх Цэрквах і нават за межамі хрысціянскага свету.

2,5 тыс. кіламетраў рэліквіі суправаджалі айцы-кармеліты, якія працуюць у Беларусі. Далёкі шлях, адзначыў айцец Сяргей Трысцень, цяжкім не быў – напэўна, праз заступніцства св. Тэрэзы. “Усіх запрашаем для ўшанавання св. Тэрэзы, але гэта ўшанаванне павінна быць не проста пакланеннем. Трэба, каб мы даведаліся пра яе духоўную спадчыну, пра тое, што яна хацела сказаць людзям. У гэтым і сэнс прыбыцця рэліквій, каб мы пазналі шлях і спадчыну святых”, - адзначыў святар.

Ужо сёння рака пакіне катэдру і адправіцца ў падарожжа па Беларусі. За тры месяцы – перэгрынацыя завершыцца ў канцы жніўня – рэліквіі пабываюць у амаль 150 парафіях. Паўсюль, куды яны завітаюць, касцёлы будуць адчынены круглыя суткі. Шлях св. Тэрэзы па Беларусі будзе ўсыпаны пялёсткамі руж.

Ларыса Абрамчук, Мінск.








All the contents on this site are copyrighted ©.