2013-06-01 13:32:33

Святы Пасад дэбютаваў на Венецыянскай арт-біенале


RealAudioMP3 Дэбют Святога Пасаду на Венецыянскай арт-біенале адбыўся таму, што прыспеў час аднавіць дыялог мастацтва з верай. Гэта патлумачыў 31 мая кардынал Джанфранка Равазі на адкрыцці павільёну Апостальскай Сталіцы на найбольш уплывовай сусветнай выставе сучаснага мастацтва. Старшыня Папскай рады па культуры падкрэсліў, што Касцёл разумее “граматыку” сучаснага мастацтва і яе ўнікальнасць. Кіраўнік ватыканскай дыкастэрыі, якая сцісла супрацоўнічае з дзеячамі культуры на цэлым свеце, адзначыў, што задача Касцёла – стымуляваць творцаў, вернікаў або няверуючых, здольных ператварыць сакральнае Слова ў “думаючыя выявы”. Менавіта на гэтым пабудавана экспазіцыя Святога Пасаду ў Венецыі. Яна дэманструе сабой, што таксама абстрактнае мастацтва можа вучыць прыгажосці, падкрэсліў кардынал Равазі.

Трэба нагадаць, што ватыканская экспазіцыя падзелена на тры часткі: стварэнне, разбурэнне і пераўтварэнне. Для адлюстравання гэтых біблійных этапаў Папская рада па культуры запрасіла творцаў розных жанраў. Экспазіцыю “Стварэнне” падрыхтавала творчая група з Мілана. Мастакі з дапамогай сучасных тэхналогій стварылі адмысловую інтэрактыўную інсталяцыю. Пра тэму “Разбурэнне” распавядае чэшскі фатограф Ёзэф Кудэлка і яго чорна-белыя здымкі, на якіх паказана супрацьстаянне чалавека і свету. “Пераўтварэнне” прадстаўлена творчасцю амерыканскага мастака Лоўрэнса Кэрала. Ён стварае свае шэдэўры з ужо выкарыстаных і непатрэбных людзям матэрыялаў, даючы ім новае жыццё.








All the contents on this site are copyrighted ©.