2013-06-01 12:32:21

Святы Айцец: Касцёл – гэта не культурная арганізацыя


RealAudioMP3 Касцёл – гэта не культурная арганізацыя, але сям’я Езуса, нагадаў папа Францішак. Пантыфік адзначыў, што самую злосць кніжнікаў і фарысеяў выклікалі больш за ўсё не цуды Езуса, а тое, што дэманы, якіх Ён выганяў, прызнавалі ў Ім Святога, Сына Божага. Таксама і сёння Касцёл “правакуе” свет таямніцай уцелаўлення Слова. І гэта “сатана не талеруе”, - сказаў Папа. Святы Айцец заўважыў, што часта можна пачуць, як хрысціян просяць быць “нармальнымі”, “не занадта строгімі”, што на самой справе азначае: “не расказвайце нам гісторый пра тое, што Бог стаў чалавекам”. “Уцелаўленне Слова – гэта правакацыя! Мы можам рабіць шмат у сацыяльнай сферы і нам скажуць: “Які добры Касцёл. Ён так добра дзейнічае ў сацыяльнай сферы”. Але калі скажам, што мы робім гэта, таму што людзі з’яўляюцца целам Хрыста, узнікае скандал. Але менавіта ў гэтым праўда, у гэтым адкрыццё Езуса: у прысутнасці ўцелаўлёнага Езуса”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў словы апостала Яна, паводле якога, хто не прымае ўцелаўленне Слова, паходзіць ад антыхрыста. Папа заклікаў не забывацца, што “Касцёл – гэта не культурная арганізацыя”. “Касцёл – гэта сям’я Езуса. Касцёл вызнае, што Езус – гэта Сын Божы, які стаў целам: у гэтым правакацыя, і за гэта пераследавалі Езуса. (...) Ён быў асуджаны на смерць за гэта. У гэтым прычына пераследу. Калі мы станем разважлівымі, сацыяльна накіраванымі хрысціянамі, хрысціянамі выключна дабрачыннымі – якімі будуць наступствы? Такімі, што не будзе мучанікаў”, - адзначыў Пантыфік.

Францішак заклікаў прасіць Бога аб мужнасці не саромецца “правакацыі крыжа” і не дазволіць звесці сябе духу гэтага свету, які заўсёды робіць прапановы адукаваныя, цывілізаваныя, добрыя, але за якімі хаваецца адмаўленне факту ўцелаўлення Слова.








All the contents on this site are copyrighted ©.