2013-06-01 11:40:12

Папа: Езус любіць дзяцей больш за ўсіх


RealAudioMP3 Папа Францішак сустрэўся з групай цяжка хворых дзяцей, якія праходзяць лячэнне ў дзіцячым анкалагічным аддзяленні рымскай клінікі “Gemelli”. Сустрэча адбылася вечарам 31 мая ў капліцы Дома св. Марты. У ёй прынялі ўдзел 22 дзіцяці ў суправаджэнні бацькоў, медыцынскага персаналу бальніцы, святароў і законніц. Маленькія госці падарылі Пантыфіку малюнкі гроты лурдскага санктуарыя, які наведалі некалькі тыдняў таму, а Мішэль Нуньес прызналася, што ў Лудзе дзеці маліліся за Святога Айца. “Дарагі папа Францішак (...). Як цудоўна бачыць цябе наяве, а не толькі па тэлевізары! У Лурдзе мы маліліся за цябе і намалявалі гроту Маці Божай, каб падарыць табе. Мы абяцаем, што будзем маліцца за цябе далей і просім, каб і ты маліўся за ўсіх хворых дзяцей у “Джэмелі” і ва ўсім свеце. Благаславі ўсіх маці і татаў, каб заўсёды мелі такую прыгожую ўсмешку, як у цябе”, - сказала Святому Айцу адна з удзельніц сустрэчы.

Папа, у сваю чаргу, звярнуўся да прысутных з простымі і цёплымі словамі. Ён нагадаў, што Езус любіць усіх дзяцей і заўсёды знаходзіцца побач з імі: у шчасці і ў праблемах. “Што робіць Езус калі бачыць дзіця, якое плача? Спыняецца? Так, Езус спыняецца. Чаму? Таму што дзеці – гэта тыя, каго Езус любіць больш за ўсіх! Такі Ён – Езус! Ён побач з намі, сёння, побач з вамі ўсімі, хто прыйшоў сюды. Сапраўды. Езус тут з намі!”, - сказаў Папа.

На заканчэнне сустрэчы Францішак памаліўся з дзецьмі малітвай “Ойча наш” і прывітаў кожнага з прысутных асабіста.








All the contents on this site are copyrighted ©.