2013-05-31 15:29:53

Францішак: нельга несці Евангелле з сумнымі тварамі


RealAudioMP3 Святы Дух – гэта “аўтар” хрысціянскай радасці, а каб абвяшчаць Евангелле неабходна мець у сэрцы радасць, якую Ён дорыць, адзначыў папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты, якую цэлебраваў 31 мая. Пантыфік прысвяціў сваю гамілію разважанню над прычынамі хрысціянскай радасці. “Гэта Дух нас вядзе: Ён аўтар радасці, Стварыцель радасці. І гэта радасць у Духу, дае сапраўдную хрысціянскую свабоду. Без радасці, мы хрысціяне, не можам стаць свабоднымі, але становімся рабамі нашага суму. Вялікі Павел VI казаў, што сумным, недаверлівым, смутным хрысціянам нельга несці наперад Евангелле. Нельга. Такія паводзіны немнога пахавальныя. Часта хрысціяне маюць такія твары, з якімі лепш ісці на пахаванне, чым праслаўляць Бога”, - адзначыў Пантыфік. Святы Айцец расказаў, якім чынам трэба праслаўляць Бога: а менавіта бескарысна выходзячы па-за самаго сябе, як бескарыснай з’яўляецца ласка, якую Бог нам дае. Папа адзначыў, што некаторыя хрысціяне наракаюць: “якая доўгая гэта Імша”, таму што падчас яе не праслаўляюць Бога. “Калі ты не праслаўляеш Бога, не ведаеш гэтай ласкі – як гэта, губляць час праслаўляючы Бога”, - сказаў Папа. Ён адзначыў таксама, што вечнасць будзе праслаўленнем Бога. “І гэта не будзе сумна: будзе цудоўна!”, - адзначыў Пантыфік.

Паводле Папы, прыкладам сапраўднай радасці з’яўляецца Маці Божая. “Касцёл называе яе “Прычынай нашай радасці”. Чаму? Таму што яна нясе нам самую вялікую радасць – Езуса”, - адзначыў ён.








All the contents on this site are copyrighted ©.