2013-05-31 14:52:08

Святы Айцец сустрэўся з прадстаўніком ААН


RealAudioMP3 31 мая папа Францішак прыняў на аўдыенцыі старшыню Генеральнай асамблеі ААН 67-га склікання Вука Ерэміча, які затым сустрэўся з кардыналам Дзяржсакратаром Тарчызіо Бэртонэ. “Падчас сардэчнай размовы былі абмеркаваны некаторыя пытанні, якія ўяўляюць агульную цікавасць, у прыватнасці, якія тычацца вырашэння міжнародных канфліктаў мірнымі шляхамі, асабліва на Блізкім Усходзе, а таксама сур’ёзнай гуманітарнай сітуацыі, выкліканай гэтымі канфліктамі”, - адзначаецца ў паведамленні Залы Друку Апостальскай Сталіцы.

Удзельнікамі сустрэчы падкрэслівалася важнасць міра, а таксама павагі правоў этнічных і рэлігійных меншасцяў. Акрамя таго, суразмоўцы засяродзілі сваю ўвагу на праблеме гандлю людзьмі, драмы бежанцаў і эмігрантаў. Была падкрэслена роля, якую ААН павінна адыграць у рэалізацыі праграмы ўстойлівага развіцця, асабліва ў сферы аховы навакольнага асяроддзя і памяншэння розніцы паміж узроўнем жыцця багатых і бедных.

Паводле спецыяльнага паведамлення Залы Друку Апостальскай Сталіцы, сённяшняя сустрэча пацвердзіла наколькі Святы Пасад прызнае важную ролю ААН ў пошуку агульнага дабра чалавецтва. Прадстаўнік гэтай міжнароднай арганізацыі, са свайго боку, падкрэсліў важнасць укладу Каталіцкага Касцёла ў спрыянне павазе да поўнай чалавечай годнасці, міру і культуры сустрэчы, і выказаў надзею, што гэтыя каштоўнасці стануць у цэнтры дыскусій і абмеркаванняў у ААН.








All the contents on this site are copyrighted ©.