2013-05-30 11:36:12

Італія: міжнародная канферэнцыя на тэму прыгажосці і літургіі


RealAudioMP3 З 30 мая па 1 чэрвеня ў Бозэ на поўначы Італіі праходзіць ХІ Міжнародная літургічная канферэнцыя, на тэму “ІІ Ватыканскі Сабор. Літургія, архітэктура, мастацтва”. Яна прымеркавана да 50-годдзя прыняцця саборнай канстытуцыі пра святую Літургію “Sacrosantum Concilium”. У форуме, які праходзіць ў кляштары мясцовай экуменічнай супольнасці, прымаюць удзел спецыялісты ў галіне літургікі, мастацтва і архітэктуры з Італіі, Францыі, Германіі, Бельгіі, Швейцарыі, Аўстрыі і Ватыкана. Яны прааналізуюць гістарычныя, тэалагічныя і мастацкія наступствы канстытуцыі “Sacrosantum Concilium” і асабліва засяродзяцца над яе сёмым радзелам, прысвечаным сакральнаму мастацтву і літургічным прыналежнасцям.

Сярод тэм, якія будуць абмярковаўцца: архітэктура і мастацтва падчас ІІ Ватыканскага Сабору, літургічная эстэтыка, навучанне мастацтву і літургіі, праблема пакаленняў касцёльных архітэктараў, экуменічныя аспекты літургічнай рэформы, Папы і сучаснае мастацтва.

Адзін з удзельнікаў канферэнцыі, бельгійскі кардынал Готфрыд Данеэлс, гаворачы пра актуальнасць дадзенай тэматыкі, адзначыў, што існуюць тры шляхі, якія вядуць да Бога: праўда, дабрыня і прыгажосць. На старонках “L’Osservatore Romano” пурпурат выказаў меркаванне, што праўда і дабрыня, з’яўляюцца мала зразумелымі сучаснаму чалавеку, у сувязі з пануючым скептыцызмам і нявер’ем у існаванне дасканалага дабра. “Такім чынам, брама прыгажосці, лягчэй адкрываецца для нашых сучаснікаў”, - адзначыў ён. Кардынал Данеэлс дадаў, што ў сучасных людзей “праўда выклікае сумневы, дабрыня смутак, а прыгажосць абяззбройвае”. На яго думку, у іншыя эпохі, магчыма, людзі менш адчувалі гэтыя перашкоды ў пошуку Бога, але сёння менавіта прыгажосць з’яўляецца прывілеяваным шляхам у гэтым накірунку. “Гэта каралеўскі шлях для чалавека нашага часу, у яго пошуку Бога”, - падкрэсліў пурпурат. Таму, на яго думку, разважаць над ім у кантэксце літургіі асабліва важна.








All the contents on this site are copyrighted ©.