2013-05-30 12:06:39

Святы Пасад і Ізраіль працягнуць перамовы


RealAudioMP3 Высокапастаўленыя дэлегацыі Святога Пасаду і Ізраіля збяруцца разам на наступным тыдні ў Ватыкане, каб абмеркаваць прававыя пытанні. Тут адбудзецца пасяджэнне двухбаковай пастаяннай рабочай камісіі. Асноўная ўвага будзе надавацца актуальным пытанням валодання зямлёй і маёмасцю, якія належаць Касцёлу ў Святой Зямлі, а таксама праблеме вызвалення ад падатку рэлігійных установы, такіх як бальніцы, хоспісы і школы. На наступны панядзелак запланавана двухбаковая рабочая нарада, а ў сераду дэлегацыі збяруцца на пленарнае пасяджэнне.

Трэба адзначыць, што перамовы працягваюцца ўжо больш чым 15 гадоў. Папярэдняе пасяджэнне камісіі адбылося 29 студзеня 2013 г. Пасля яго заяўлялася аб “значным прагрэсе” у імкненні да заключэння пагаднення. Ізраільскія СМІ, са спасылкай на МІД Ізраіля, паведамлялі, што бакі дасягнулі прарыву ў перамовах і не выключана, што хутка будзе складзены выніковы варыянт пагаднення. Паводле звестак медыя, Ізраіль пагадзіўся вызваліць ад выплаты падаткаў касцёльныя ўстановы, якія не займаюцца эканамічнай дзейнасцю. Таксама была дасягнута згода адносна касцёльных земляў у Капернауме, на Гары Благаслаўленняў, каля базылікі Звеставання ў Назарэце і яшчэ двух месцах, якія не будуць адчужаны для правядзення інфраструктурных работ. У той жа час, пры ўзгадненні са Святым Пасадам, яны могуць выкарыстоўвацца ў мэтах забеспячэння грамадскай бяспекі ў крызісных сітуацыях. Пытанне адчужэння касцёльных земляў у іншых месцах, паводле ізраільскіх медыя, усё яшчэ застаецца адкрытым.







All the contents on this site are copyrighted ©.